viasna on patreon

Анлайн-сустрэча салідарнасці з беларусамі: "Мы заклікаем Еўропу дзейнічаць усімі легальнымі спосабамі" Дапоўнена

2020 2020-07-10T17:14:00+0300 2020-07-10T17:15:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akcia_newyork.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Нью-Ёрку

Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Нью-Ёрку

Па ініцыятыве дэпутатаў Еўрапейскага парламента 10 ліпеня прайшла анлайн-сустрэча салідарнасці з беларусамі “Час для пераменаў”.

Сустрэча складалася з музычнага блоку і дыскусіі з беларускімі праваабаронцамі, грамадскімі і палітычнымі актывістамі, журналістамі, блогерамі, інтэрнэт-парталамі СМІ і малым бізнесам, дзеячамі культуры і музыкамі, якія смела дэманструюць сваю рашучасць гаварыць адкрыта.

“З 26-гадовым аўтарытарным праўленнем Лукашэнкі ў краіне падзеі апошніх некалькіх месяцаў паказваюць, што беларускі народ хоча пераменаў. Яны хочуць змены кіраўніцтва краіны і хочуць абраць дэмакратычны шлях для сваёй краіны.

На жаль, рэпрэсіі рэжыму супраць кандыдатаў і простых людзей у цяперашні час не дазваляюць прэзідэнцкім выбарам у Беларусі стаць магчымасцю для людзей зрабіць стратэгічны выбар: працягваць як раней ці выбраць шлях мудрых пераменаў. Мы павінны праявіць салідарнасць з беларускім народам і выразна запатрабаваць ад Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, у тым ліку і ў дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты”, - гаворыцца ў апісанні мерапрыемства.

На сустрэчы выступіў і старшыня Праваабарончага цэнтру ”Вясна” Алесь Бяляцкі. Ён падзякаваў дэпутатам Еўрапарламента за салідарнасць і за тое, што яны надаюць шмат увагі тым трагічным падзеям, якія зараз адбываюцца ў Беларусі.

"Падзеі апошніх двух месяцаў паказалі, што велізарная колькасць людзей чакае пераменаў. А ўлады робяць усё насуперак волі народа. Мы назіраем за выбарчай кампаніяй, бачым яе ход і кожны этап, якія ўжо суправаджаюцца вялікай колькасцю парушэнняў. Таму з упэўненасцю можам сказаць, што рыхтуюцца масавыя фальсіфікацыі. І ўлады разумеюць, што гэтыя фальсіфікацыі выклікаюць незадаволенасць, і баяцца гэтага. Таму вырашылі пачаць рэпрэсіі прама зараз".

Алесь Бяляцкі нагадаў, што з пачатку выбарчай кампаніі 21 чалавек сталі палітычнымі зняволенымі. Таксама ён агучыў апошнія дадзеныя праваабаронцаў па палітычна матываванаму адміністрацыйнаму пераследу. Так, з пачатку бягучай выбарчай кампаніі 129 чалавек атрымалі агулам 1902 сутак арышту і 252 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам 192000 рублёў.

Старшыня “Вясны” падкрэсліў, што увага Еўропы можа паўплываць на лёс палітычных зняволеных. Ён заклікаў еўрапейскіх палітыкаў рабіць усё магчымае ўсімі легальнымі спосабамі, каб палітвязні апынуліся на волі.

Запіс сустрэчы можна паглядзець на старонцы мерапрыемства ў Facebook, а таксама на старонцы Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства