Атакі на журналістаў, блогераў і супрацоўнікаў СМІ ў Беларусі, Расіі і Украіне: 2017-2019
Фонд "Справядлівасць для журналістаў" апублікаваў заключную частку свайго цыклу даследаванняў атакаў супраць работнікаў СМІ ў 12 постсавецкіх краінах за перыяд з 2017 да 2019 года.
Эксперты і партнёры фонду прааналізавалі 3063 фактаў нападаў на прафесійных і грамадзянскіх журналістаў, блогераў і іншых работнікаў СМІ і выявілі асноўныя рызыкі і пагрозы, характэрныя для кожнай з гэтых краін.
Асноўнай крыніцай атакаў на журналістаў у Расіі з'яўляюцца прадстаўнікі ўладаў - на іх прыпадае 68% усіх нападаў.
У такой сітуацыі нават прысуджэнне штрафу замест зняволення ў турму на доўгі тэрмін, як у выпадку з пскоўскай журналісткай Святланай Пракоп'евай, ужо выглядае актам гуманізму. Як сказала Святлана Пракоп'ева у сваім апошнім слове на судзе:
"Рэпрэсіі развіваюцца паступова. Немагчыма прадбачыць, калі абмежаванне правоў і пераслед іншадумства ператворыцца ў канцлагеры і расстрэлы. Гісторыя кажа нам аб тым, што такое ператварэнне магчыма нават у самым культурным і цывілізаваным грамадстве — пры ўмове адпаведнай дзяржаўнай палітыкі і прапаганды".
Праца расійскіх журналістаў звязаная з падвышанымі рызыкамі для жыцця, здароўя і свабоды: за аналізаваныя тры гады зафіксавана 1116 нападаў на журналістаў. Пятая частка ўсіх атакаў (225 выпадкаў) прыпадае на фізічныя напады. У 2019 годзе ў параўнанні з 2017-м колькасць фізічных нападаў на журналістаў павялічылася на чвэрць. За прафесійную дзейнасць журналістаў збіваюць і калечаць, як фатографа "Медыязоны" Давіда Фрэнкеля і дакументаліста Сяргея Ержанкова.
Прааналізаваныя Фондам факты атакаў за 2017-2019 гады ў Расіі кажуць пра нарастанне агрэсіі ў дачыненні да работнікаў СМІ. Дынаміка палохае: колькасць затрыманняў работнікаў СМІ ў 2019 годзе вырасла ў параўнанні з 2017-м у чатыры разы, а колькасць заключэнняў іх пад варту падвоілася. За аналізуемы перыяд у Расіі ў выніку забойстваў, няшчасных выпадкаў, збіванняў і самагубстваў загінула ўдвая больш работнікаў СМІ, чым на ўсёй постсавецкай прасторы – 15 чалавек. Забойства журналістаў не расследуюцца, а беспакаранасць вядзе да ўсё большага разгулу самавольства ўлады і тых, каго яна пакрывае ці адкрыта заахвочвае.
Беларусь займае другое месца сярод постсавецкіх краін па адноснай колькасці атакаў супраць работнікаў СМІ на 100 тысяч насельніцтва – эксперты зафіксавалі 1079 інцыдэнтаў. Крыніцай атакаў на журналістаў у пераважнай большасці выпадкаў з'яўляюцца прадстаўнікі ўлады (84% выпадкаў), а функцыя судоў звычайна зводзіцца да таго, каб праштампаваць ужо прынятае рэпрэсіўнае рашэнне. Найбольш частым "адміністрацыйным злачынствам" з'яўляецца супрацоўніцтва беларускіх журналістаў-фрылансераў з замежнымі СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў.
Колькасць фізічных атакаў на журналістаў у аналізуемы перыяд было параўнальна невяліка – 26. Большасць з іх (16) прыпала на 2017 год, калі ў Беларусі праходзілі масавыя пратэстныя акцыі. Найбольш часта да журналістаў ужывалі гвалт пры затрыманні, альбо пры перашкодзе іх прафесійнай дзейнасці.
Найбольш распаўсюджанымі відамі атакаў і пагроз нефізічнага характару і/або ў кіберпрасторы за перыяд 2017-2019 гг былі траўля, запалохванне, ціск, пагрозы гвалтам і смерцю, у тым ліку ў кіберпрасторы. Яны склалі больш за палову (48) ад агульнай колькасці зафіксаваных выпадкаў (95). Другі распаўсюджаны метад нефізічнага ціску – пашкоджанне альбо адабранне маёмасці, транспарту, абсталявання, дакументаў (16 выпадкаў).
У штогадовым індэксе свабоды прэсы "Рэпарцёраў без межаў" за 2020 год Беларусь займае 153-е месца са 180, паміж Брунеем і Турцыяй. Зыходзячы са справаздачы Freedom of the Net за 2019 год, складзенага Freedom House, у Беларусі адсутнічае свабода Інтэрнэту (35 са 100 балаў). Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца ў адной групе краін з Расіяй, Кітаем, Саудаўскай Аравіяй, Кубай і іншымі.
Ва Украіне агульная колькасць нападаў на журналістаў зніжаецца – у 2019 іх зафіксавана 245 у параўнанні з 357 у 2017-м. Аднак рызыка фізічных нападаў застаецца высокай – амаль 28% складаюць атакі фізічнага характару (збіццё, выкраданні, замахі на забойства). Пры гэтым праца судоў па расследаванні злачынстваў супраць журналістаў, пошуку і пакаранні вінаватых не выглядае эфектыўнай. У гэтай краіне пераважнымі спосабамі ціску на журналістаў з'яўляюцца траўля і запалохванне, у тым ліку ў кіберпрасторы, а таксама пашкоджанне і адабранне маёмасці і дакументаў.
"Ацэнка і даследаванне рызык – гэта першы крок для павышэння бяспекі журналістаў. Спадзяюся, наш даклад дапаможа выпрацаваць спосабы самаабароны і павысіць верагоднасць захавання здароўя і свабоды", – адзначыла дырэктарка Фонду "Справядлівасць для журналістаў" Марыя Арджанікідзэ.
Даклад даступны на рускай і англійскай мовах.