Актывіст атрымаў 15 сутак арышту за тое, што махаў рукой аўтамабілям
Суд Жлобінскага раёну (суддзя Сергяевіч) пакараў маладзёна Віталя Грыцкова 15 суткамі арышту паводле артыкула 23.34 КаАП РБ (парушэнне закону “Аб масавых мерапрыемствах”) за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, піша "Гомельская Вясна".
Супрацьпраўнае дзеянне, згодна з рашэннем суду, выявілася ў тым, што Грыцкоў стаяў у Жлобіне на ходніках ўздоўж праспекта “Вызваліцеляў” 19 чэрвеня і махаў рукой, калі кіроўцы праязджалі міма і сігналілі ў “падтрымку несанкцыянаванага мітынгу”.
У судзе Віталь Грыцкоў патлумачыў, што ён махаў свайму прыяцелю, ніякіх плакатаў не трымаў і нічога не прамаўляў, толькі здымаў на тэлефон усё, што адбываецца.
“Я актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх зборах подпісаў за кандыдатаў, - кажа Віталь Грыцкоў, - заўжды здымаю ўсё на тэлефон, выкладаю ў сацсеткі. Мабыць улада бачаць ва мне актывіста і хоча мець магчымасць мяне ў патрэбны для іх час ізаляваць, бо мяне сёння не адправілі на суткі, а адпусцілі дадому. Віны сваёй у судзе я канешне не прызнаў, бо нічога незаконнага не рабіў. Улада спрабуе такім чынам запалохаць актыўных людзей і падавіць грамадскі пратэст”.
У гэты ж дзень жлобінскі суд пакараў яшчэ адну ўдзельніцу ланцугу салідарнасці Святлану Зыль штрафам у 15 базавых (405 рублёў).
“Мне далі 15 базавых штрафу за тое, што я здзейсніла “страшнае правапарушэнне” – стаяла на асфальце і пляскала ў далоні, - абураецца Святлана. – Хай участковыя Пахомаў і Раманенка цяпер ганарацца і ўсім распавядаюць, што паймалі страшнага злачынцу. Супрацоўнікі міліцыі павінны быць прыкладам для ўсіх грамадзянаў, быць сумленнымі, справядлівымі, за праўду. А яны ў сваім народзе бачаць ворагаў. І народ у іх бачыць пагрозу для свайго жыцця. У мяне пытанне да сілавых структураў – чаму яны так пакорна выконваюць незаконныя загады кіраўніцтва, няўжо грошы і ўлада для іх даражэй за ўласную годнасць і годнасць свайго народу?”.
Віталь і Святлана маюць намер абскардзіць у абласным судзе рашэнне жлобінскага раённага суду.
Для Віталя Грыцкова гэта ўжо другі адміністратыўны арышт за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У траўне бягучага году ён ужо адседзеў 15 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасці з арыштаваным блогерам Сяргеем Ціханоўскім 7 тразня ў цэнтры Гомеля.