viasna on patreon

Сетка Дамоў правоў чалавека асуджае рэпрэсіі ў Беларусі

2020 2020-06-24T14:45:04+0300 2020-06-24T14:45:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrhn-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Фонд Дамоў правоў чалавека выступіў з заявай, у якой заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і забяспечыць выкананне прававых абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.

З 18 чэрвеня 2020 года, па дадзеных ПЦ “Вясна”, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту па ўсёй краіне былі затрыманыя і арыштаваныя больш за 200 чалавек. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 19 чэрвеня былі затрыманыя 13 журналістаў, якія асвятлялі акцыі пратэсту ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. Усе яны былі вызваленыя ў той жа дзень, за выключэннем журналіста Сяржука Лацінскага, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Акцыі пратэсту сталі адказам на апошнія дзеянні беларускіх уладаў па замоўчванні і запалохванні палітычнай апазіцыі, у тым ліку Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Святланы Ціханоўскай і Паўла Севярынца, а таксама журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У выніку, шэсць незалежных экспертаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый заклікалі ўлады спыніць рэпрэсіі супраць мірнага ажыццяўлення асноўных свабод і правоў чалавека.

Апошнія падзеі з’яўляюцца працягам некалькіх месяцаў усё больш жорсткіх і рэпрэсіўных дзеянняў супраць незалежнай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку журналістаў. Толькі ў першай палове траўня "Вясна" паведаміла пра 120 затрыманняў мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў. 29 траўня міліцыя затрымала 15 чалавек, якія збіралі подпісы ў падтрымку аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Беларускія ўлады вядомыя шматгадовай гісторыяй перыядычных парушэнняў правоў чалавека, звычайна звязаных з палітычнымі працэсамі. У 2017 годзе спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі назваў такія парушэнні “цыклічнымі”, паколькі яны часта звязаныя з цыклам прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на ​​міжнароднае прызнанне такіх тэндэнцый, вельмі мала зроблена дзеля памяншэння рызыкаў, звязаных з гэтым відам рэпрэсій, як з боку Беларусі, так і прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці.

З набліжэннем да прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца 9 жніўня, улады нясуць адказнасць за тое, каб усе палітычныя галасы былі пачутыя і кожны меў права ўдзельнічаць у мірных сходах. Журналісты мусяць безперашкодна асвятляць падзеі ў краіне. Праваабаронцы павінны свабодна працягваць сваю працу, якая мае вырашальнае значэнне для абароны асноўных правоў чалавека.

Фонд Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады:

  • вызваліць усіх затрыманых за грамадзянскую і палітычную дзейнасць і спыніць далейшыя рэпрэсіі супраць іх, у тым ліку супраць праваабаронцаў і журналістаў;
  • скасаваць усе штрафы, накладзеныя на ўдзельнікаў мірных сходаў;
  • прадаставіць усім кандыдатам у прэзідэнты магчымасць свабодна ўдзельнічаць у свабодных і справядлівых дэмакратычных выбарах;
  • запрасіць незалежную місію БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі;
  • зрабіць захады па выпраўленні масавых парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся за апошнія месяцы;
  • забяспечыць выкананне прававых абавязацельстваў Беларусі як унутры краіны, так і ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека.

Мы прызнаем заявы і пазіцыі міжнароднай супольнасці, уключаючы Еўрапейскі саюз і сябраў Еўрапейскага парламента. Аднак незалежнай грамадзянскай супольнасці і праваабаронцам тэрмінова патрэбная большая падтрымка.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць:

  • лабіраваць рэалізацыю вышэйзгаданых патрабаванняў беларускімі ўладамі;
  • прадэманстраваць салідарнасць з праваабаронцамі, у тым ліку з журналістамі, якія сутыкаюцца з рэпрэсіямі за мірныя акцыі пратэсту і іншыя мірныя грамадзянскія і палітычныя дзеянні;
  • адсочваць і публічна паведамляць пра рэпрэсіі да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня;
  • падтрымаць незалежнае назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня і падтрымліваць своечасовы рэліз справаздачаў аб такім назіранні;
  • падтрымліваць непасрэдную сувязь з незалежнай грамадзянскай супольнасцю і праваабаронцамі на працягу наступных месяцаў;
  • падтрымаць падаўжэнне мандата спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 44-й сесіі Савета па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства