viasna on patreon

На судах за пікеты па зборы подпісаў зноў раздаюць "суткі" Дапоўнена Аўдыё

2020 2020-06-15T19:59:00+0300 2020-06-15T20:21:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maslouski_sud14.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак 15 чэрвеня ў Мінску, Наваполацку і Віцебску працягваюцца суды над удзельнікамі пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты. 

У судзе Фрунзенскага раёна суддзя Ала Бушава разглядае адміністрацыйную справу блогера Мікалая Маслоўскага. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 31 траўня, падчас збору подпісаў каля Камароўскага рынку. 

maslouski_sud14.jpg
Мікалай Маслоўскі ў судзе 15 чэрвеня

Блогер адзначыў у судзе, што яму не паведамілі належным чынам пра суд, казаў пра іншыя працэсуальныя парушэнні. Ён не лічыць, што ў той дзень удзельнічаў у акцыі, настойвае на тым, што пастаянна перасоўваўся і вёў стрым. Маслоўскі сцвярджаў, што мерапрыемства каля Камароўскі было поўнасцю законным.

Сведкам выступіў камандзір групы АМАП Віталь Шыш. Маслоўскі сваімі пытаннямі заблытаў яго, і Шыш не змог толкам нічога патлумачыць.

Вынік суда - 15 сутак арышту.

Гэта не першы выпадак, калі блогера Маслоўскага прыцягваюць па артыкуле 23.34 КаАП за тое, што ён вёў стрым. 31 студзеня яму прысудзілі 25 базавых велічынь штраф за "удзел" у акцыях за незалежнасць. Блогер распавёў, як гэта на яго паўплывала:

У той жа час у судзе Савецкга раёна разглядалася справа іншага youtube-блогера - Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Так як у дадзены момант ён адбывае арышт, суд праходзіў праз Skype. Цыгановіча выдалілі да пачатку пасяджэння, бо той патрабаваў ад суддзі Веры Галаўковай, каб тая прадставіла доказы, што з'яўляецца суддзёй.

Сведкам па справе выступіў амапавец Сяргей Сіманаў. Блогер абвінавачваўся ў тым, што ўдзелнічаў у акцыі каля Камароўскі 31 траўня. Па словах сведкі, Цыгановіч нібыта "выкрыкваў лозунгі, праяўляў непавагу да ўладаў", а таксама крычаў "Жыве Беларусь!" і "Свабоду Ціханоўскаму!".

У выніку суддзя прыняла рашэнне пакараць блогера новымі 15 суткамі арышту.

У судзе Кастрычніцкага разглядаецца справа ў дачыненні да блогера Эдуарда Пальчыса за нібыта ўдзел у той жа самай акцыі каля Камароўскага рынку. Яму таксама далі 15 сутак арышту.

Таксама ў Мінску праходзяць дыстанцыйныя суды над Мікалаем Статкевічам, Максімам Вінярскім.

Судзіла Статкевіча - суддзя суда Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль. Яму зноў прысудзілі арышт, але які дакладна - пакуль невядома.

«Мікалай Статкевіч «знайшоўся» у ЦІПе. «Адбывае адміністрацыйны арышт». Калі будзе вызвалены, паведаміць адмаўляюцца. Суддзя Мотыль, насуперак патрабаванню Мікалая Статкевіча, асудзіла яго ў адсутнасць адваката. Вырак адвакату паведаміць адмаўляюцца»,напісала яго жонка Марына Адамовіч.

Пазней стала вядома, што Статкевіча асудзілі на 15 сутак арышту за заклік у телеграм-канале прыйсці на масавую падачу заяў у ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.Такі ж вынік суда і па Максіму Вінярскаму (15 сутак).

Жонка палітыка Паўла Севярынца Вольга паведаміла, што падчас адбыцця пакарання ў 15 сутак яму прысудзілі яшчэ 30 сутак арышту (два суды з вынікам па 15 сутак).

Максім Урбановіч заявіў пра здзекі ў турме на Акрэсціна, Паўла Севярынца таксама катуюць

Першы сакратар "Маладога Фронту" Максім Урбановіч днём 15 чэрвеня выйшаў на волю пасля арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, паведамляе Радыё Свабода.


У Наваполацку Алену Радзькову пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў). Яе судзілі па пратаколе па арт. 23.34 КаАП за тое, што 28 траўня яна ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.


Суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў актывіста Міколу Качурца вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34) і пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Двое сутак актывіст правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня яшчэ да суду. Судовае паседжанне праходзіла ў рэжыме скайп-канфэрэнцыі.

Мікола Качурэц быў затрыманы ў суботу 13 чэрвеня каля свайго дома. У дачыненні да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскаю, які прайшоў 31 траўня каля піраміды «Марка-сіці». Мужчыну зьмясцілі да суду ў віцебскі ІЧУ.

Справуразглядала суддзя Алена Цыганкова. Ужо падчас працэсу яна паведаміла, што на Качурца складзены яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 – за пікет, які прайшоў 7 чэрвеня. У выніку дзве адміністрацыйныя справы былі аб'яднаныя.

Абодва пратаколы ўтрымлівалі аднолькавыя фармулёўкі: «узяў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні без адпаведнага дазволу з мэтай публічнага выказваньня сваіх інтарэсаў». Але з невялікай розніцай: 31 траўня, па версіі міліцыянтаў, Качурэц «выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп, Таракан!», а 7 чэрвеня – пікетаваў «з дэманстрацыяй плакатаў «Свабоду Ціханоўскіаму!»«Свабоду Статкевічу!»«Слуга сыходзь, народ прыйшоў!»

Судзьдзя Цыганкова палічыла віну Качурца даказанай і пакарала яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Міколу Качурцу – 61 год.

Каго яшчэ ў хуткім часе чакае суд?

За месяц – больш за 1000 сутак арыштаў і сотня непад'ёмных штрафаў. Наперадзе новыя суды

Па дадзеных, якімі Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае па стане на 10 чэрвеня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня 90 чалавек атрымалі агулам 1093 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 102 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля 86000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства