Суды ў Віцебску: Барсуковай – 810 рублёў штрафу, Ільінцу – 675
У Віцебску працягваюцца суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага. 29 траўня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў на 30 базавых велічынь адміністратарку Тэлеграм-каналу «Краіна для жыцця» Юлію Барсукову ўсяго за адно паведамленне ў чаце. Актывіст Аляксандр Ільінец быў пакараны штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у сустрэчы з Ціханоўскім 30 красавіка.
Справу Юліі Барсуковай разглядаў суддзя Уладзімер Царыкаў. Паводле міліцэйскага пратаколу, 7 траўня віцяблянка апублікавала ў Тэлеграм-чаце «Страна для жизни» паведамленне з заклікам прыйсці 10 траўня на плошчу Леніна ў Воршы, каб зладзіць масавае мерапрыемства. На думку міліцыянтаў – несанкцыянаванае. Тым самым Барсукова парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП).
Як паведамляе "Віцебская Вясна", Юлія Барсукова віны не прызнала, хоць і не адмаўляла таго, што магла размясціць такое паведамленне ў чаце. У якасьці адзінага доказу яе вінаватасці міліцыянты прыклалі да справы раздрукоўку скрына з паведамлення ў Тэлеграме. Суддзі Царыкаву гэтага было дастаткова, каб прызнаць жанчыну вінаватай і пакараць яе штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).
«Гэта ня суд, а судзілішча! Паказальнае запалохванне грамадзянскай супольнасці Беларусі», – сказала на судзе Юлія Барсукова.
У той жа дзень, 29 траўня, суд Чыгуначнага раёну Віцебску (суддзя Алена Грабянчук) аштрафаваў актывіста Аляксандра Ільінца на 25 базавых велічынь (675 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым у правапарушэнні па тым жа артыкуле 23.34 КаАП. Паводле суду, віна мужчыны была ў тым, што 30 красавіка ён узяў удзел у стрыме блогера Ціханоўскага.
Нагадаем, 11 траўня той самы суд пакараў Ільінца 5 суткамі арышту за «кармленне галубоў» у Віцебску.