У Шаркаўшчыне за "апытанку" аштрафавалі журналіста Лупача
У Шаркаўшчыне суддзя Аксана Табола аштрафавала журналіста Змітра Лупача за супрацу з «Белсатам». Пратакол на Змітра Лупача паводле артыкула 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) склалі 15 траўня за сюжэт 23 красавіка пра сітуацыю з каранавірусам у Шаркаўшчыне, піша belsat.eu.
«Мы ездзілі распытаць пра сітуацыю з каранавірусам у Шаркаўшчыне. На той час гэта быў адзіны раён, які афіцыйна на той час быў адзіным чыстым ад віруса [на Віцебшчыне. – Рэд. Belsat.eu]», – сказаў ён у размове з карэспандэнтам belsat.eu.
26 траўня суддзя Аксана Табола пастанавіла аштрафаваць журналіста на 40 базавых велічынь, або на Br 1080.
«Іншага я ад іх і не чакаў. Думаў, што нават больш дадуць, бо мне ўжо апошнія штрафы былі 45 базавых. Я нават суддзі сказаў, што шаркаўшчынскія міліцыянты паленаваліся ўжо працаваць. Апытанка была трох чалавек, а яны апыталі толькі першага і на падставе гэтага склалі пратакол. На гэтым яны і пабудавалі свой працэс», – адзначыў Зміцер Лупач.