На Статкевіча і Троцкага склалі пратаколы за ўскладанне кветак Дапоўнена
На палітыка Мікалая Статкевіча складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за несанкцыянаваную акцыю, да якой прыраўнялі ўскладанне кветак 8 траўня да помніка савецкім салдатам на Вайсковых могілках. Пра гэта Статкевіч заявіў 24 траўня на перадвыбарчым пікеце каля Камароўскага рынку.
Словы Статкевіча цытуе БелаПАН:
“8 траўня я ўзяў кветкі і прыйшоў сваімі сябрамі на Вайсковыя могілкі. Я паклаў гэтыя кветкі да брацкай магілы савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Мінска. Я здзяйсняю гэта злачынства кожны год, атрымліваецца, з 1992 года. 8 траўня, калі яшчэ няма ляскату тэхнікі гэтых парадаў, мы па нашым старажытным славянскім, беларускім, хрысціянскім звычаі прыходзім да магіл, каб схіліць галаву ў памяць пра тых, хто выратаваў нас… І вось сёлета мяне робяць за гэта злачынцам".
Калі адбудзецца суд над палітыкам — пакуль невядома.
Як расказаў "Радыё Свабода" Мікола Статкевіч, ён ведае, што прыслалі пазву ў суд яшчэ прынамсі аднаму ўдзельніку ўскладання кветак — Валянціну Троцкаму. На думку Статкевіча, Троцкага вызначылі па пазнавальнай барадзе, а віна яго толькі ў тым, што ён «прыйшоў з кветкамі, пастаяў і хвіліну памаўчаў».