У Віцебску затрымалі актывіста Аляксея Прохарава – ён у ІЧУ да панядзелка
Віцебскага актывіста Аляксея Прохарава запрасілі ў аддзел аховы правапарадку Чыгуначнага раёну Віцебску для дачы тлумачэнняў пра ягоны ўдзел у "кармленні галубоў" 3 траўня. Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", з міліцыі яго не выпусцілі – затрымалі і адразу адвезлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Актывіст паспеў паведаміць праваабаронцу, што суд над ім адбудзецца ў панядзелак.
«На мяне склалі пратакол паводле артыкулу 23.34, адразу затрымалі і вязуць у ІЧУ. Сказалі, што суд у панядзелак, але калі дакладна – я ня ведаю», – паспеў паведаміць па тэлефоне Аляксей Прохараў.
Такім чынам, у ізалятары часовага ўтрымання Прохараў правядзе ўсе выходныя. Найверагодней, што суд, які ў такіх выпадках праходзіць у анлайн-рэжыме, пакарае яго ў панядзелак (25 траўня) дадатковымі «суткамі».
Ён таксама сказаў, што ў міліцыю пайшоў «з рэчамі», бо падазраваў, што яго затрымаюць.
Раней Аляксея Прохарава ўжо каралі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (за ўдзел у пікетаваннях у падтрымку незалежнасці краіны), але толькі штрафамі.