Беларусь прадставіла сваю пазіцыю па сітуацыі пераследу брэсцкіх актывістаў
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прадставіла ў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі ліст з тлумачэннем сваёй пазіцыі па сітуацыі, звязанай з будаўніцтвам акумулятарнага завода каля Брэста і выпадкамі затрыманняў актывістаў. Аб гэтым паведамляецца на сайце Экадома.
Экадом на працягу 2-х гадоў з пачатку грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода інфармаваў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі* аб выпадках пераследу актывістаў, якія рэалізуюць свае правы па Канвенцыі.
Мінпрыроды ў прадстаўленай сваёй пазіцыі ў Камітэт каментуе тры пытанні.
- Будаўніцтва акумулятарнага завода
Мінпрыроды адзначыла, што пытанне будаўніцтва завода знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы, а таксама кіраўніцтва зацікаўленых ведамстваў. Пад дзяржаўны кантроль ўзята выкананне прадпрыемствам усіх патрабаванняў экалагічнага заканадаўства. На дадзены момант дзейнічае распараджэнне аб прыпыненні будаўніцтва завода. А пры ажыццяўленні прыёмкі ў эксплуатацыю будзе праверана выкананне ў поўным аб'ёме праектных рашэнняў.
- Удзел грамадскасці
Мінпрыроды адзначыла, што жыхарам г. Брэста і Брэсцкага раёна "прадастаўленыя шырокія магчымасці для выказвання сваёй пазіцыі па пытанні будаўніцтва акумулятарнага завода, а таксама створаныя ўмовы для атрымання, абмену і абмеркавання экалагічна значнай інфармацыі, якімі карыстаюцца актывісты". Таксама Мінпрыроды падкрэслівае, што з улікам грамадскай цікавасці да будаўніцтва акумулятарнага завода асаблівая ўвага на самым высокім узроўні надаецца сустрэчам з ініцыятыўнымі групамі, жыхарамі рэгіёну, у тым ліку выступоўцамі супраць будаўніцтва. Таксама па гэтым пытанні вядзецца інфармацыйна-тлумачальная праца: праведзена больш за 80 мерапрыемстваў, выканкамы разгледзелі 474 звароты, а Мінпрыроды адказала на 602 лісты грамадзянащ па пытаннях будаўніцтва завода.
- Затрыманне актывістаў
На думку Мінпрыроды, акцыя па "кармленні галубоў", якая праходзіць кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце, з'яўляецца пратэстнай пляцоўкай актывістаў, якая парушае палажэнні беларускага заканадаўства, што рэгулюе парадак правядзення масавых мерапрыемстваў.
Таксама Мінпрыроды заяўляе, што прынятыя ў дачыненні да затрыманых або аштрафаваных актывістаў адміністрацыйныя меры звязаныя не з тымі тэзісамі, якія яны дэкларуюць у частцы будаўніцтва завода, і не з абмежаваннем правоў грамадскасці на доступ да інфармацыі і ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў, а толькі з парушэннем актывістамі заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Адзначаецца таксама, што "дзейнасць шэрагу актывістаў выходзіць за межы экалагічнай і набывае афарбоўку палітычнай, з'яўляецца дэструктыўнай у адносінах да паступальнага працэсу кансалідацыі намаганняў дзяржаўных органаў і грамадскасці на шляху вырашэння экалагічных праблемащ".
Таксама ў лісце завяраецца: "Беларусь імкнецца гарантаваць кожнаму індывіду свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне".
Пры гэтым нідзе ў пазіцыі Мінпрыроды не тлумачыцца, чаму з больш чым 350 заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў, пададзеных актывістамі, была задаволеная толькі 1.
Нагадаем, Экадом падрыхтаваў агляд аб тым як пераследуюцца брэсцкія актывісты на працягу ўсяго перыяду пратэсту, а таксама даў ацэнку сітуацыі з пераследам актывістаў. Акрамя таго Экадом звярнуўся ў Мінпрыроды, МУС, Упраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама і да старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта з просьбай прыняць тэрміновыя меры па спыненні пераследу прадстаўнікоў грамадскасці, якія рэалізуюць сваё права на ўдзел у прыняцці экалагічна значных рашэнняў.
*Орхуская канвенцыя, бокам якой з'яўляецца Беларусь, прадугледжвае права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічных рашэнняў, у тым ліку права на ўдзел на самым раннім этапе. Таксама палажэнні Канвенцыі кажуць аб забароне пераследу актывістаў, якія ажыццяўляюць экалагічныя правы. Органам, адказным за выкананне Рэспублікай Беларусь Орхускай канвенцыі, з'яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў.