Гародня: палююць на ўдзельніка сустрэчы з блогерам Ціханоўскім
Гарадзенцу Зміцеру Фурманаву 20-га траўня патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся участковым, і паведаміў, што ў дачыненні яго заведзеная адміністрацыйная справа па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Супрацоўнік міліцыі намагаўся выцягнуць Фурманава на размову.
Па інфармацыі "Гарадзенскай Вясны", актывіст запярэчыў, і сказаў, што размаўляць ім няма пра што, паколькі ўчастковы не складаў на яго пратакол. А вось хто складаў, хай той і паразмаўляе. Участковы сказаў што перадасць пажаданні Зміцера таму, што складаў.
Пазней стала вядома, што міліцыя дзяжурыць пад пад’ездам дома, дзе пражывае Фурманаў.
Зміцер Фурманаў з'яўляецца кардынатарам ініцыятыўнай групы кандыдата ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Усяго ў Гародні пасля сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім былі адміністрацыйна арыштаваныя 5 чалавек: Лаўрэнцьеў Аляксандр, Сахарчук Алена, Калач Васіль, Шока Юрый, Рэзнічэнка Яўген. Агулам яны атрымалі 30 сутак арышту.