viasna on patreon

Front Line Defenders заклікае спыніць пераслед праваабаронцаў "Вясны"

2020 2020-05-20T19:01:04+0300 2020-05-20T20:11:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/4pdmjezl.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арганізацыя Front Line Defenders выступіла з заявай у падтрымку праваабаронцаў "Вясны", якія падвергліся пераследу з боку ўладаў па розных падставах.

У перыяд з канца красавіка да пачатку траўня 2020 года некалькі праваабаронцаў у Беларусі былі затрыманыя і падвергнутыя судоваму пераследу за ўдзел у мірных сходах і крытыку палітыкі ўрада. Гэтая хваля пераследу праваабаронцаў адбываецца на фоне кампаніі прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца 9 жніўня 2020 года.

З пачатку мая 2020 года каля 120 чалавек, у тым ліку некалькі праваабаронцаў, былі затрыманыя, аштрафаваныя або асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў на тэрмін да 25 сутак за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства ў адпаведнасьці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Затрыманні звязаныя з трыма пратэстнымі рухамі: штотыднёвымі пратэстамі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў горадзе Брэсце, мітынгам "Моладзевага блока" ў Мінску супраць рашэння аб правядзенні парада Перамогі 9 траўня ва ўмовах пандэміі каранавіруса і са шматлікімі дэманстрацыямі супраць арышту вядомага YouTube-блогера Сяргея Ціханоўскага. У апошнія месяцы Ціханоўскі ездзіў па гарадах Беларусі, сустракаўся з людзьмі на вуліцах і запісваў сюжэты для свайго YouTube-канала "Краіна для жыцця", у якім ён распавядае аб праблемах гарадоў і крытыкуе палітыку ўрада. Пасля таго, як яго арыштавалі 6 траўня 2020 года, стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі збіраўся вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Акрамя таго, праваабаронцы і журналісты, якія праводзілі маніторынг дэманстрацый або асвятлялі іх, таксама падвергліся пераследам. Некалькі іншых праваабаронцаў, якія крытыкавалі экалагічную палітыку дзяржавы або каментавалі сітуацыю вакол распаўсюджвання каранавіруса, таксама падвергліся пераследам і могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Пяцёра затрыманых праваабаронцаў з'яўляюцца сябрамі вядучай праваабарончай арганізацыі Беларусі — Праваабарончага цэнтра "Вясна" (ПЦ "Вясна").

Аляксандр Буракоў — праваабаронца, сябра ПЦ "Вясна" і журналіст праваабарончага сайта mspring.online. Буракоў быў затрыманы 8 траўня 2020 года ў горадзе Магілёве ў сувязі з пратэстам супраць затрымання Сяргея Ціханоўскага. Аляксандра Буракова пратрымалі ў зняволенні 72 гадзіны, першыя сем гадзін ён правёў у халодным пакоі без вокнаў памерам не больш за 2,5 х 2,5 метра. 11 траўня 2020 года Ленінскі раённы суд Магілёва асудзіў яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэнне парадку правядзення пратэсту (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Журналіст-праваабаронца Аляксандр Буракоў. Фота: spring96.org
Журналіст-праваабаронца Аляксандр Буракоў. Фота: spring96.org

Пляменнік Аляксандра Буракова — Алесь Буракоў —праваабаронца, журналіст і сябра ПЦ "Вясна". 15 траўня 2020 года Алесь Буракоў быў затрыманы ў сваёй кватэры і дастаўлены ў Ленінскі РАУС Магілёва. У той жа дзень ён быў асуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачванні ў меркаваным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 траўня 2020 года.

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Алесь Буракоў. Фота: spring96.org

10 траўня 2020 года праваабаронцы Раман Кісляк — сябра Рады Руху "За Свабоду", і Уладзімір Вялічкін — сябра ПЦ "Вясна", былі затрыманыя падчас маніторынгу пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў горадзе Брэсце. Акцыі пратэсту, вядомыя як "кармленне галубоў", праходзяць у горадзе па нядзелях з сакавіка 2018 года. Пасля затрымання месцазнаходжанне двух праваабаронцаў заставалася невядомым цягам двух дзён, сям'і і калегі не маглі знайсці і звязацца з імі. Пазней высветлілася, што 10 траўня праваабаронцаў даставілі ў Кобрынскі раённы аддзел унутраных спраў, за 40 км ад Брэста, а затым, 12 траўня, перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання Брэста.

Уладзімір Вялічкін каля суда Ленінскана раёна г. Брэста, дзе часта ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў над берасцейскіх актывістаў. Фота: ПЦ
Уладзімір Вялічкін каля суда Ленінскана раёна г. Брэста, дзе часта ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў над берасцейскіх актывістаў. Фота: ПЦ "Вясна"

Раману Кісляку выставілі абвінавачванне ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых акцыях пратэсту 12 красавіка і 3 траўня 2020 года. Слуханне па справе пераносілі двойчы па просьбе абароны, якая патрабавала ўключыць у матэрыялы справы відэазапісы, якія пацвярджаюць, што праваабаронца займаўся маніторынгам пратэсту, а не ўдзельнічаў у ім. 14 траўня Раман Кісляк быў вызвалены. Судовае пасяджэнне па яго справе было прызначанае на 19 траўня, аднак у сувязі з хваробай Кісляка пасяджэнне было перанесенае і адбудзецца пасля яго выздараўлення.

12 траўня Ленінскі раённы суд Брэста разгледзеў справу Уладзіміра Вялічкіна, які абвінавачваўся ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 12 красавіка 2020 года. Праваабаронцу аштрафавалі на суму эквівалентную каля 500 еўра. Адразу пасля рашэння яго паўторна арыштавалі ў залі суда. Уладзімір Вялічкін правёў у зняволенні яшчэ два дні (усяго 5 дзён), і 15 траўня яго зноў даставілі ў суд паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 3 траўня 2020 года. Праваабаронцу прызналі вінаватым, аштрафавалі на суму каля 300 еўра і вызвалілі з-пад варты.

Алёна Маслюкова — эка-актывістка, праваабаронца і сябра ПЦ "Вясна" ў горадзе Светлагорску. Яна актыўна ўдзельнічала ў барацьбе супраць будаўніцтва цэлюлознага завода ў Светлагорску з-за яго негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 23 красавіка 2020 года супрацоўнікі міліцыі правялі апытанне Алены Маслюковай у межах даследчай праверкі ў сувязі са скаргай аб абразе (артыкул 189 Крымінальнага кодэкса), пададзенай на яе работніцай завода Галінай Зобавай. Скарга тычылася каментара, які праваабаронца апублікавала ў сацыяльнай сетцы да паста з відэазапісам пра наведванне Светлагорскага цэлюлознага завода прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Праваабаронца крытыкавала прэзідэнта і органы ўлады, абвінавачваючы іх у распаўсюдзе недакладнай інфармацыі аб мэтах будаўніцтва завода. Яна таксама раскрытыкавала Галіну Зобаву, якая задавала прэзідэнту пытанне аб актывістах-эколагах, называючы іх "крыкунамі". У межах праверкі былі канфіскаваныя ноўтбук і смартфон праваабаронцы. 24 красавіка яна падала скаргу аб незаконнай канфіскацыі тэхнікі ў Светлагорскую раённую пракуратуру. 

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. Фота: spring96.org

Андрэй Мядзведзеў — журналіст і сябра ПЦ "Вясна" ў горадзе Рэчыцы. 7 траўня 2020 года Мядзведзева дапыталі ў сувязі з яго крытычным каментаром, які ён апублікаваў у сацыяльнай сетцы УКантакце ў адказ на артыкул у мясцовай газеце "Дняпровец". Праверка праводзіцца паводле крымінальнага артыкула аб абразе, аднак рэдактар газеты заявы ў праваахоўныя органы не падаваў, хоць гэта з'яўляецца абавязковай умовай для расследавання.

Журналіст і сябра ПЦ «Вясна» Андрэй Мядзведзеў. Фота: spring96.org
Журналіст і сябра ПЦ «Вясна» Андрэй Мядзведзеў. Фота: spring96.org

Арганізацыя Front Line Defenders занепакоеная пераследам праваабаронцаў, эка-актывістаў, журналістаў і тых, хто крытыкуе палітыку ўрада ў Беларусі. Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што пераследы пачасціліся пасля прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, а таксама, што пратэстоўцы супраць арышту патэнцыйнага апазіцыйнага кандыдата таксама былі затрыманыя. Пераслед праваабаронцаў аказвае негатыўны ўплыў на грамадзянскую супольнасць і ставіць пад пагрозу іх важную ролю ў забеспячэнні незалежнага маніторынгу выбарчай кампаніі і галасавання.

Front Line Defenders заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Аляксандра Буракова і Алеся Буракова і правесці неадкладнае, дбайнае і бесстаронняе расследаванне затрыманняў праваабаронцаў. Арганізацыя заклікае ўлады зняць усе абвінавачванні з шасці згаданых праваабаронцаў, паколькі мяркуе, што гэтыя абвінавачванні звязаныя выключна з іх мірнай і законнай праваабарончай працай.

Front Line Defenders заклікае спыніць пераслед ПЦ "Вясна", паколькі мяркуе, што ціск на арганізацыю звязаны з яе мірнай праваабарончай дзейнасцю.

Front Line Defenders заклікае ўлады забяспечыць усім праваабаронцам у Беларусі магчымасць весці законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без страху судовага пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства