Якім будзе новы адміністрацыйны кодэкс? Пакажа правапрымяняльная практыка
Праект новай рэдакцыі Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Беларусі ( ПВКаАП) і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) вынесены Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў на грамадскае абмеркаванне. Гэты дакумент размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by. Заўвагі і прапановы па праекце кодэксаў будуць прымацца да 27 траўня ўключна.
Новаўвядзенняў - шмат, але ў першую чаргу грамадства цікавіць змены менавіта ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Мы звярнуліся да юрыста праваабарончага цэнтра “Вясна” Паўла Сапелкі і папрасілі коратка пракаментаваць сутнасць прапанаваных зменаў.
Плануемыя навелы ПВК, зацікавяць, перш за ўсё, юрыстаў; для астатніх – куды цікавей раней агучаныя змены ў КаАП: новыя памеры штрафаў, новы від спагнанняў - грамадскія працы.
У прапанаваных зменах, з пункту гледжання праваабаронцаў, ёсць некаторыя важныя новаўвядзенні, якіх мы дамагаліся: напрыклад, як абуральнае парушэнне правоў чалавека мы расцэньвалі магчымасць накладаць адміністрацыйны арышт на "абавязаных асоб" па пастанове органа ўнутраных спраў.
У новай рэдакцыі кодэксаў гэтае пытанне аднесены да кампетэнцыі судоў. Таксама мяркуецца ліквідаваць існуючы недахоп, які дазваляе затрымліваць на тэрмін да трох сутак тыя катэгорыі грамадзян, якім пасля нельга было прызначаць у якасці спагнання адміністрацыйны арышт; таксама ўдакладнены парадак абскарджвання дзеянняў органа, які вядзе адміністрацыйны працэс.
Аднак, па-ранейшаму, у кодэксах засталося досыць палажэнняў, якія нас непакоілі, у тым ліку і дыскрымінуючага характару.
Гэта і абавязковая праца для падвергнутых арышту «абавязаных асоб», і бестэрміновае затрыманне замежнікаў для ўстанаўлення асобы і далейшай дэпартацыі. Як і раней, удзельнікі мірных сходаў будуць карацца велізарнымі штрафамі і арыштамі; максімальных памераў штрафаў па адпаведным артыкуле новыя правілы не закранаюць.
Нават па тых справах, дзе магчыма прызначэнне адміністрацыйнага арышту або дэпартацыі, не прадугледжана спаборнага працэсу з вынясеннем рашэння незалежным органам: суддзя ў адміністрацыйным працэсе набывае пэўныя прыкметы і рысы абвінаваўцы, але не незалежнага органа правасуддзя.
Мяркуецца таксама пакінуць у ранейшым выглядзе парадаксальную сітуацыю, калі адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту выконваецца да таго, як яно ўступіць у законную сілу.
Трэба разумець, што гэта не поўны спіс як праблем, так і запланаваных змяненняў, а таму наступствы новаўвядзенняў у заканадаўства шмат у чым будуць вызначацца правапрымяняльнай практыкай.
Сярод новаўвядзенняў у КаАП таксама варта адзначыць увядзенне эканамічных стымулаў для аператыўнай аплаты штрафаў, а таксама ўвядзенне катэгорый адміністрацыйных правапарушэнняў у залежнасці ад іх цяжкасці, ды некаторы іншыя.