Ліда: Плюс 15 сутак арышту Аляксею Барматаву
Агулам лідскія ўдзельнікі сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім атрымалі 58 сутак адміністрацыйнага арышту.
У Лідзе 15 траўня быў затрыманы актывіст Аляксей Барматаў. Некалькі дзён таму, падчас масавых затрыманняў удзельнікаў сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у Лідзе, Аляксей Барматаў не пусціў міліцыю ў хату і застаўся на свабодзе. Тады міліцыя прыходзіла нібыта па скарзе суседзяў. Міліцыя ўвесь час дзяжурыла пад хатай актывіста. Калі актывіст накіраваўся на працу, яго імгненна затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
Гэтак жа імгненна юнак быў дастаўлены ў суд. Пратакол быў складзены па арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Як паведамляе “Гарадзенская Вясна”, Аляксея прызналі вінаватым і пакаралі 15-ццю суткамі адміністрацыйнага арышту.
Працэс прайшоў так хутка, што асуджаны наўрад ці змог зарыентавацца, вырашыць, ці патрэбен яму адвакат.
Такім чынам, у Лідзе за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім арышты атрымалі.
Алег Краўцоў засуджаны да 7 сутак арышту;
Павал Палейчык — да 7 сутак арышту;
Андрэй Паляковіч — да 7 сутак арышту;
Максім Палонскі — да 7 сутак арышту;
Генадзь Паўлюкевіч - 10 базавых велічынь штрафу;
Павал Анціпкін – 15 сутак арышту.
Апошнім гэты спіс папоўніў і Аляксей Барматаў з 15-ццю суткамі адміністрацыйнага арышту.