Блог Паўла Сапелкі: Аддаленая справядлівасць
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў новым выпуску блога "Слова аб праве" у "Белгазеце" аналізуе практыку дыстанцыйнага вядзення адміністрацыйнага працэсу ва ўмовах пандэміі каранавіруса.
У перадапошні дзень красавіка УУС Гомельскага аблвыканкама паведаміла аб інавацыйным прарыве ў адміністрацыйным працэсе: упершыню выдалена разгледжаныя дзве справы аб адміністрацыйных правапарушэннях: "праграмнае забеспячэнне з закрытым кодам", патэнцыйны правапарушальнік - у міліцыі, суддзя - у сваім кабінеце. Вынайшлі ўсё гэта не спантанна. Яшчэ ў пачатку красавіка УУС і Гомельскі абласны суд абмеркавалі такую магчымасць і вызначылі нават мэтавую групу: асобы, да якіх прымененае адміністрацыйнае затрыманне.
На першы погляд, нічога асаблівага: працэсы з выкарыстаннем скайпа прайшлі, напрыклад, у Віцебскай вобласці пры разглядзе скаргі на пастанову суда па адміністрацыйнай справе і ў Мінску па справе меркаванай парушальніцы рэжыму самаізаляцыі. Але ў гэтым выпадку давялося ўпершыню даведацца матывацыю ўдзельнікаў працэсу. На думку кампетэнтных органаў, "выкарыстанне такога падыходу скароціць выдаткі на перавозку затрыманых з ІВД у суды і назад". А яшчэ "новы спосаб дазволіць мінімізаваць рызыкі распаўсюджвання інфекцыі COVID-19".
Пахвальна, але нешта не вяжацца: згодна з законам разгледжаныя аддалена справы па артыкулах 10.5 (Дробны крадзеж) і 17.1 (Дробнае хуліганства) КаАП маглі быць разгледжаны самім органам унутраных спраў. Адна дэталь: пры такім спосабе разгляду да парушальніка нельга было ўжываць адміністрацыйны арышт у выглядзе спагнання. Гэта было так прынцыпова? Зладзіць "тэлемост" з суддзёй, парушыць парадак вядзення адміністрацыйнага працэсу дзеля чаго? Дзеля мінімізацыі вірусных рызык? Так для гэтага быў куды больш просты спосаб. Адно добра: атрымаўшы адпаведна суткі і двое арышту, затрыманыя зэканомілі на штрафе.
Чаму не атрымаецца пагадзіцца з новай ідэяй у тым выглядзе, як яе задумалі на Гомельшчыне (а хутчэй за ўсё, паўсюдна)?
Парадак адміністрацыйнага працэсу, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў, а таксама парадак выканання адміністрацыйнага спагнання ўстанаўлівае Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэта значыць, калі я вынаходліва прапаную прызначаны адміністрацыйны арышт у перыяд пандэміі адбываць у рэжыме хатняга па месцы жыхарства, то мне УУС або суд, відавочна, нагадаюць менавіта гэтыя нормы. Калі я прапаную выкарыстоўваць сістэмы відэаканферэнцыі для арганізацыі любых адміністрацыйных працэсаў, у тым ліку тых, дзе асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, знаходзіцца дома, яго ці яе адвакат, журналісты і ўмоўная група падтрымкі - таксама ў сябе дома, мне яшчэ раз нагадаюць гэтыя нормы і адмовяць.
А з УУС пагодзяцца - эканомія на перавозцы, ды і ў цэлым, да чаго ўсе гэтыя ўмоўнасці? Падыход без умоўнасцяў вельмі добра знаёмы тым, хто ў дні вулічнай актыўнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, а на самай справе за рэалізацыю права на мірны сход і свабоды выказвання меркаванняў трапляе на суды, якія трапна ахрысцілі канвеернымі: мінімум фармальнасцяў, раздрукаваныя стандартныя рапарты і пратаколы апытання сведак-амапаўцаў. Копію пратаколу і магчымасць прадаставіць доказы разам з правам на адваката - у топку.
У такіх мэтах дыстанцыйны працэс з ЦІПа, райаддзела ці куды там яшчэ зацягнуць затрыманых - тое, што трэба. Ніякіх лішніх вачэй і вушэй, маральнай падтрымкі, вады і бутэрбродаў на хуткую руку. Канвеер, даведзены да дасканаласці.
Вядома, сама па сабе ідэя разгляду спраў і выканання асобных дзеянняў па відэасувязі нядрэнная, а ў чымсьці нават перспектыўная. Для гэтага трэба спачатку змяніць працэсуальны закон, у КПК і ГПК прапісаць працэдуру такога спосабу вядзення пасяджэнняў. Тады непазбежна прыйдзецца задумацца аб захаванні правоў удзельнікаў працэсу: на адкрыты разгляд справы, на юрыдычную дапамогу, на роўныя правы па прадастаўленні доказаў. Задумацца пра тое, ці стане відэаканферэнцыя магчымасцю або безальтэрнатыўнай формай судовых пасяджэнняў, дзе няма месца ўліку пазіцыі чалавека, які прадстаў перад суддзёй. І толькі пасля гэтага - за стол з маніторам і аўдыёкалонкамі.
Як я ўжо адзначаў у адной з разваг пра ўплыў віруса на правы чалавека, ні адна дзяржава, мабыць, не ўпусціць магчымасці пад выглядам законных інтарэсаў абмежаваць правы сваіх грамадзянаў, і ў нашым выпадку - гэта той самы наступ на правы пад выглядам клопату пра здароўе.
Чаму пад выглядам? Ды таму, што Гомельскім міліцыянтам да сацыяльнага дыстанцыявання справы няма:
"Супрацоўнікі ІСН Чыгуначнага раёна горада Гомеля з мэтай арганізацыі занятасці непаўналетніх у вольны час рэгулярна арганізоўваюць для іх розныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. 30 красавіка для дзяцей, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, было арганізавана наведванне стралковага ціра сярэдняй школы №44 імя Н. А. Лебедзева".
Гэта, каб вы разумелі, хутчэй за ўсё, малалетнія правапарушальнікі. А ведаеце, навошта іх прывялі ў цір? Вось:
"Стральба ў ціры развівае ўвагу, рэакцыю, назіральнасць, таму карысць ад такога занятку відавочная. Для дзяцей стральба ў ціры з'яўляецца забавай. Але эфект ад гэтай забавы мае толькі станоўчыя бакі. Дзіця гуляючы развівае свой арганізм, не прыкладаючы асаблівых высілкаў. Гэта важна, калі дзеці, займаючыся вясёлай і займальнай гульнёй, не напружваючыся, прыносяць карысць свайму здароўю. Займальныя, захапляльныя спаборніцтвы па стральбе ў ціры прыцягнуць увагу любога дзіцяці".
А між тым 22 красавіка Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саян заявіў:
"Крызіс, выкліканы COVID-19, ужо мае сур'ёзныя наступствы для права грамадства на незалежную судовую сістэму. У гэтым кантэксце адсутнасць доступу да незалежнага правасуддзя адчыняе дзверы для парушэнняў і беспакаранасці".
На думку эксперта, "неабходна вызначыць прыярытэты і ў першую чаргу разглядаць найбольш сур'ёзныя выпадкі, адклаўшы справы, звязаныя з нязначнымі, а таксама адміністрацыйнымі і эканамічнымі парушэннямі".
"Каранцін і "сацыяльнае дыстанцыяванне" не павінны перашкаджаць выкананню судовай сістэмай належных працэсуальных гарантый", - сказаў спецдакладчык.
Блог Паўла Сапелкі: Здароўе пад арыштам