Эксперт ААН: Кыргызстан павінен выканаць свае абавязацельствы і вызваліць Азімжана Аскарава
Эксперт ААН папярэджвае, што калі Кыргызстан неадкладна не вызваліць зняволенага праваабаронцу Азімжана Аскарава, свет убачыць, што краіна працягвае ігнараваць свае абавязацельствы па забеспячэнні права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Аб гэтым паведамляецца на сайце ААН.
"Многія звароты ААН аб спыненні справы Аскарава былі праігнараваныя ўладамі Кыргызстана", - сказала Мэры Лолар, новы Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў.
Азімжан Аскараў, 69-гадовы узбек па нацыянальнасці, з 2010 года адбывае пажыццёвае зняволенне па абвінавачванні ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка міліцыі і іншых злачынствах.
У 2016 годзе Камітэт ААН па правах чалавека ўстанавіў, што Аскараў быў адвольна затрыманы, утрымліваўся ў бесчалавечных умовах, падвяргаўся катаванням, жорсткаму абыходжанню і быў пазбаўлены права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Камітэт заклікаў да адмены яго прысуду.
Канчатковая скарга па яго справе будзе разгледжана 13 траўня, калі Вярхоўны суд разгледзіць ягоную справу ў святле новых юрыдычных фактаў і фактычных элементаў, у тым ліку рашэння Камітэта ААН па правах чалавека.
"Я заклікаю да належнага разгляду скаргі сп. Аскарава ў адпаведнасці з усімі гарантыямі справядлівага судовага разбору і яго неадкладнага вызвалення. Кыргызстан павінен прадэманстраваць сваю гатоўнасць абараняць правы чалавека, абараняючы праваабаронцаў і этнічныя меншасці", - сказала Спецыяльны дакладчык.
Да свайго арышту ў выніку этнічнага гвалту на поўдні Кыргызстана Аскараў больш за 10 гадоў дакументаваў выпадкі жорсткага абыходжання міліцыі і дрэннага абыходжання са зняволенымі ў сваім родным горадзе Базар-Каргоне. Аскараў не будзе падлягаць амністыі, якая будзе абвешчаная сотням зняволеных 9 мая ў гонар 75-годдзя заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і Народнай рэвалюцыі 2010 года, з-за цяжару высунутых супраць яго абвінавачванняў.
"Мы занепакоеныя тым, што на здароўе сп. Аскарава паўплывалі дрэнныя ўмовы ўтрымання ў турмах і адзіночнае заключэнне, а таксама ўзросшая рызыка, звязаная з тым, што COVID-19 ўяўляе пагрозу для здароўя такіх пажылых зняволеных, як ён".
Таксама эксперт заклікала ўрад дазволіць неабходнае вызваленне зняволеных з-за рызыкаў для здароўя падчас пандэміі COVID-19 і забяспечыць уключэнне праваабаронцаў, такіх як Аскараў, і іншых асобаў, затрыманых без дастатковых прававых падстаў, у спіс для вызвалення.
Спецыяльны дакладчык падтрымлівае сувязь з уладамі Кыргызстана і будзе працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй.
Заклік сп. Лолар быў падтрыманы Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў сп. Дыега Гарсія-Саянам, Спецыяльным дакладчыкам па пытаннях меншасцяў сп. Фернан дэ Варэн і Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання сп. Нільсам Мельцэрам.
FIDH патрабуе неадкладнага вызвалення Азімжана Аскарава