На актывіста склалі пратакол за акцыю "Шклавата — наш Чарнобыль"
На гродзенскага абласнога каардынатара Руху “За Свабоду” Вітольда Ашурака складзены пратакол па ч. 3 арт. 23.34 (парушэнне арганізацыі ці правядзення масавых арганізацый) за пратэст супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы. Пра гэта піша Рух на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Актывіст Вітольд Ашурак выйшаў да прахадной завода «Нёман» з плакатам «Шклавата — наш Чарнобыль» 26 красавіка. Пікет трываў пад прахадной каля 15 хвілінаў. Да заводу была выкліканая міліцыя, якая тым не менш не перашкаджала правядзенню акцыі, а таксама не забірала на працягу 40 хвілінаў плакат, які быў пакінуты каля заводу, паведамляе Рух "За Свабоду".
Паведамляецца, што яшчэ некалькіх сябраў Руху запланавана апытаць па справе.
“Мы можам колькі заўгодна абмяркоўваць праблему на кухні, але пра наша незадавальненне вядома не будзе. Мэта акцыі была зафіксаваць пратэст, і яна выкананая. Нават у праваахоўных органах ведаюць, што ў Бярозаўцы супраць шклаваты”, — кажа Вітольд.