У Дзмітрыя Паліенкі пачалася "хатняя хімія". На якіх умовах?
Былы палітвязень Дзмітры Паліенка распавёў сайту palitviazni.info, што ўжо пачаў адбываць пакаранне ў рэжыме “хатняй хіміі” з 2 красавіка.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2019 году Мінскі гарадскі суд прызнаў Дзмітрыя Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Прысуд – тры гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі. 14 лютага 2020 году Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Мінскага гарадскога суда і пакінуў рашэнне папярэдняй інстанцыі ў сіле.
“Мне паведамілі, што трэба стаць на ўлік у Першамайскі РУУС, а тэрмін адбыцця пакарання пачаўся з 2 красавіка, – кажа Дзмітры Паліенка. – Міліцыянеры яшчэ і прэтэнзіі выказалі, што, маўляў, я скардзіўся ў СМІ на тое, што рэжым адбыцця пакарання не мог пачацца амаль паўтары месяца”.
Дзмітры Паліенка адзначае, што зараз будзе складаней, але ў любым выпадку “хатняя хімія” – гэта не калонія.
“Павінен пастаянна знаходзіцца па месцы прапіскі, хаця з 15.00 па 17.00 маю права гуляць па вуліцы, – дадае Дмітрый. – Магчыма, дазволяць выехаць і за межы горада, калі нармальна ўсё абгрунтаваць.
Дарэчы, мяне цешыць, што сёння з-за каранавіруса паўкраіны сядзіць дома ў каранціне. Гэта тая ж самая “хатняя хімія”.
Суд Паліенкі, салідарнасць і першыя абдымкі на волі. Вялікі фотарэпартаж "Вясны"
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96