Павел Сапелка: Нягледзячы на змякчэнне прысуду Емельянаў і Комар, па-ранейшаму, палітвязні
Судовая калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам В. Сцяпурка змяніла 27 сакавіка прысуды актывістам анархісцкага руху Мікіце Емяльянаву і Івану Комару, прызнаных беларускай праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі .
Раней суд Савецкага раёна Мінска пакараў іх сямю гадамі пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У выніку разгляду скаргі прысуд быў зменены па некалькіх частках абвінавачання. Канчатковае рашэнне суда (шляхам частковага складання):
Мікіта Емяльянаў - 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
Іван Комар - 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка адзначае, што нягледзячы на змякчэнне прысуду, праваабарончая супольнасць будзе расцэньваць іх і надалей як палітзняволеных.
"Значнае змякчэнне прысуду - гэта відавочны вынік жорсткай крытыкі, якой праваабарончая супольнасць Беларусі падвергла прысуд суда першай інстанцыі. Нагадаю, што прэтэнзіі праваабаронцаў зводзіліся да таго, што суд прайшоў з парушэннем гарантый справядлівага суда, абвінавачаныя падвергліся ціску і катаванням; прызначанае пакаранне было непрапарцыйным зробленаму.
Ніякія з гэтых парушэнняў апеляцыйнай інстанцыяй не ліквідаваны, а пакаранне па-ранейшаму непрапарцыйна суровае па выглядзе і тэрміну. Такім чынам, ацэнка праваабаронцамі прысуду, які ўступіў у сілу з улікам змякчэння пакарання не зменіцца, і праваабарончая супольнасць па-ранейшаму будзе расцэньваць М.Емельянова і І.Комара як палітзняволеных і патрабаваць перагляду прысуду з ліквідацыяй пералічаных ў адпаведнай заяве парушэнняў".
Што не так са справай палітвязняў Емельянава і Комара?