viasna on patreon

«Апошняе папярэджанне»: як 24-гадоваму мінчуку ўдалося пазбегнуць ЛПП

2020 2020-03-20T12:30:55+0300 2020-03-20T13:13:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kisialiou_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд адмовіў у накіраванні ў Лячэбна-працоўны прафілакторый 24-гадовага жыхара Мінска Ігара Кісялёва. Нягледзячы на нібыта падробленыя, па словах маладога чалавека,  дакументы і захворванні сэрца ў яго, суд у сваім рашэнні ўсё ж прыняў да ўвагі іншыя довады.

Ігар Кісялёў у будынку суда. Фота: spring96.org
Ігар Кісялёў у будынку суда. Фота: spring96.org

17 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска пачаўся судовы працэс над Ігарам Кісялёвым, дзе ставілася пытанне аб накіраванні Ігара Кісялёва ў ЛПП. Суддзя — Мікалай Багамякаў, а заяўнікам выступіў маёр міліцыі Фрунзенскага РАУС г. Мінска Віталь Кузякін.

16 сакавіка Ігар Кісялёў прайшоў другі медыцынскі агляд (што з'яўляецца умовай для пастаноўкі ў судзе пытання аб накіраванні ў ЛПП). Як раней распавёў «Вясне» сам малады чалавек, яго медыцынскія камісіі былі праведзены з парушэннямі, а яго подпіс пад дакументамі быў падроблены пад прымусам Віталя Кузякіна (так, хлопца прымусілі паставіць подпіс за 23 красавіка 2019 году — менавіта тады і прайшоў першы медыцынскі агляд, без якога другая па ліку мед.камісія, а затым і накіраванне справы ў суд не адбыліся б). Таксама малады чалавек распавёў, што пакутуе захворваннямі сэрца, што павінна з'яўляцца перашкодай для накіравання ў ЛПП. Таму на судовым паседжанні 16 сакавіка ён заявіў хадайніцтва аб тым, каб медыцынскія даведкі, якія б гэта пацвярджалі, былі далучаны да справы. У судовым працэсе быў абвешчаны перапынак.

Працяг

19 сакавіка судовы працэс працягнуўся. Ігар Кісялёў падаў суду медыцынскае заключэнне аб тым, што мае прыроджаны парок сэрца [і іншыя спадарожныя яму дыягназы], а таксама спаслаўся на пункт 23 прым. 1 да Інструкцыі аб парадку працы медыцынскай камісіі, дзе пералічаны захворванні, якія перашкаджаюць накіраванню ў ЛПП.

Хадайніцтва Ігара Кісялёва, агучанае ім падчас судовага пасяджэння.
Хадайніцтва Ігара Кісялёва, агучанае ім падчас судовага пасяджэння.

Аднак суддзю Мікалая Багамякава довады хлопца не задаволілі:

«У вас прыроджаны парок сэрца. Пры гэтым 23 пункт кажа, што захворваннем [якое перашкаджае накіроўваць у ЛПП — заўв.] з'яўляецца парок сардэчных клапанаў з парушэннем кровазвароту 2 і 3 ступені [...]. Гэта значыць 23 пункт ўтрымлівае не тое захворванне, якое ў вас ўстаноўлена ў дыягназе».

«Я магу даабследавацца. Гэта мед.заключэнне 2015 года. З тых часоў мой стан пагоршыўся», — прапанаваў Ігар Кісялёў.

«Чаму вы гэтага не зрабілі раней?»

«Я жыў у Расіі паўгады», — адказаў малады чалавек. Таксама пазней ён пракаментаваў, што для пастаноўкі такога дыягназу трэба прайсці адмысловае УГД сэрца, чарга на якое складае каля 5 месяцаў.

У якасці сведкі выступіў участковы міліцыянт Дзмітрый Спургяш. Ён падкрэсліў, што Ігар "злоўжывае" і некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па ч.3 арт.17.3 (распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы): "пры хадзе хістаўся, чым абражаў чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць".

Некалькі з сваіх прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці Ігар растлумачыў наступным чынам: "Аднойчы мне стала кепска на вуліцы. У іншы раз мяне пасадзілі ў камеру і прымусілі падпісаць, што я яшчэ і п'яны быў ".

"Табе трэба хадзіць і азірацца", або Як выглядае шлях у ЛПП

У грамадскую прыёмную Праваабарончага цэнтру "Вясна" зьвярнуўся 24-гадовы жыхар Мінска Ігар Кісялёў. А перад гэтым у яго адбылося судовае пасяджэнне аб накіраванні на прымусовае лячэнне ў ЛПП. Паспрабуем разам з Ігарам разабрацца і паглядзець, як можа выглядаць працэдура накіравання чалавека ў ЛПП і якія падводныя камяні могуць пры гэтым сустрэцца.

Пасля разгляду судом пісьмовых матэрыялаў справы малады чалавек раптам заявіў аб далучэнні яшчэ аднаго медыцынскага дакумента: даведкі з псіхіятрычнага дыспансэра, згодна з якой ён пакутуе дысацыятыўным растройствам асобы. Але маёр міліцыі Кузякін паставіўся да яе "як да недакладнай":

"Даведка была атрыманая 18 сакавіка 2020 года. А медыцынскія агляды [над Ігарам Кісялёвым] былі праведзены 23 красавіка 2019 года і 16 сакавіка 2020 года. У іх не указвалася, што ён стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. Але ж камісія запытвае заўсёды такія звесткі. Таму лічу, што гэтая даведка не мае ніякага дачынення да справы".

У сваім апошнім слове Ігар Кісялёў звярнуў увагу на тое, што два медыцынскія агляды (што з'яўляецца умовай для далейшага накіравання ў ЛПП) прайшлі з парушэннямі:

«Ні першая, ні другая мед.камісіі чамусьці не ўказалі мой псіхіятрычны дыягназ і тое, што я знаходжуся на ўліку больш за год, — сказаў хлопец і дадаў: — Я прашу высокі суд даць мне апошні шанец, я не збіраюся ўжываць алкаголь і хачу быць добрапрыстойным грамадзянінам».

Маёр Віталь Кузякін у апошнім слове настойваў на неабходнасці "асуджэння" Кісялёва да  накіравання ў ЛПП:

"З боку супрацоўнікаў РАУС Фрунзенскага раёна г. Мінска да дадзенага грамадзяніну былі прынятыя выключна вычарпальныя меры па індывідуальнай прафілактыцы па спыненні злоўжывання спіртных напояў і здзяйснення новых адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення. Але разам з тым гэты грамадзянін працягвае злоўжываць ... "

Рашэнне суда

Пасля перапынку суд вынес рашэнне — у заяве аб накіраванні ў ЛПП Ігара Кісялёва Фрунзенскаму РАУС г. Мінска адмовіць. Пры гэтым суд прыняў да ўвагі наяўнасць у маладога чалавека псіхіятрычнага захворвання, а таксама тое, што "Кісялёў І. ўдзельнічае ў утрыманні бацькоў і непаўналетніх брата і сёстры". Акрамя таго, суд адзначыў, што першасны медыцынскі агляд ад 23 красавіка 2019 года [першая камісія, якая вызначае, ці «прыдатны» чалавек да накіравання ў ЛПП — заўв.] быў праведзены ў няпоўным складзе: «замест камісіі з пяці чалавек у складзе лекара-нарколога, лекара-неўролага, лекара-тэрапеўта, сакратара камісіі і медыцынскага рэгістратара [Ігар Кісялёў] быў агледжаны камісіяй з трох чалавек».

Аляксей Лойка

Судовае пасяджэнне наведаў і юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка:

«Вельмі добра, што суд прыняў да ўвагі довады пра тое, што малады чалавек мае шэраг захворванняў, якія перашкаджаюць да накіравання ў ЛПП. Суд увасобіў гэта ў форму «апошняга папярэджання». Але цалкам слушна ўзнікае пытанне, а як правярала медыцынская камісія стан здароўя чалавека, якога ўжо амаль на паўтара года адправілі ў ЛПП?».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства