viasna on patreon

"Замест кветак і цукерак – раўнапраўе і свабоды", ці Чаму жанчыны змагаюцца за свае правы?

2020 2020-03-06T15:35:53+0300 2020-03-06T15:35:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pashtouki_bel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У многіх краінах 8 сакавіка адзначаюць Міжнародны жаночы дзень, які першапачаткова задумваўся як дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за роўныя правы і эмансіпацыю. Але з часам – ператварыўся ў свята з кветкамі, цукеркамі і віншаваннем "мілых і пяшчотных" жанчын.

У апошнія гады ўсё часцей і часцей гэтаму дню актывісткі і актывісты вяртаюць першапачатковы сэнс. У тым ліку і ў Беларусі.

У прававым лікбезе ад "Вясны" разбіраемся, чаму правы жанчын вылучаныя асобнай катэгорыяй, навошта за іх змагацца і якія арганізацыі могуць дапамагчы ў іх абароне.

Чаму менавіта 8 сакавіка?

Згодна гісторыі, 8 сакавіка 1857 года работніцы швейных і тэкстыльных прадпрыемстваў Нью-Ёрка (ЗША) арганізавалі масавы мітынг, дзе яны выступалі за роўную з мужчынамі аплату працы і паляпшэнне ўмоў працы.

Пазней – у 1910 годзе – на Другой Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канферэнцыі ў Капенгагене (Данія) Клара Цэткін прапанавала заснаваць міжнародны жаночы дзень. Меркавалася, што ў гэты дзень жанчыны будуць ладзіць мітынгі і шэсці, прыцягваючы грамадскасць да сваіх праблем. Першапачаткова дата не была дакладна вызначаная, і толькі праз некалькі год "свята" замацавалі за 8 сакавіка.

16 снежня 1977 годзе Генеральная Асамблея ААН (рэзалюцыя №A/RES/32/142) прапанавала дзяржавам-удзельніцам абвясціць, «у адпаведнасці з іх традыцыямі і звычаямі, любы дзень гэтага года Днём барацьбы за правы жанчын і міжнародны мір Арганізацыі Аб'яднаных Нацый». Такім днём стала 8 сакавіка.

Краіны, якія падтрымліваюць ААН, выкарыстоўваюць міжнародны жаночы дзень як падставу, каб падняць важныя для жанчын сацыяльныя пытанні. З году ў год ААН выбірае прыярытэтную тэму, на якую будуць накіраваныя намаганні ва ўстанаўленні раўнапраўя жанчын і абароны іх правоў.

Якая тэматыка гэтага дня ў 2020 годзе?

Тэма Міжнароднага жаночага дня сёлета – "Я – пакаленне роўнасці: рэалізацыя правоў жанчын".

"Сёння ні адна краіна свету не можа сцвярджаць, што дасягнула гендэрнай роўнасці. Шматлікія перашкоды застаюцца нязменнымі ў заканадаўстве і культуры. Жанчыны і дзяўчынкі па-ранейшаму недаацэньваюцца; яны працуюць больш, зарабляюць менш і маюць менш выбару; яны падвяргаюцца шматлікім формам гвалту дома і ў грамадскіх месцах. Акрамя таго, існуе сур'ёзная пагроза адкату назад з цяжкасцю дасягнутых перамог феміністак",гаворыцца на сайце "ААН-Жанчыны".

Чаму правы жанчын выдзеленыя ў асобную катэгорыю?

У прэамбуле да Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (прынятая рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі 18 снежня 1979) тлумачыцца, што, нягледзячы на ​​прыняцце цэлага шэрагу дамоваў, жанчыны па-ранейшаму не маюць роўных з мужчынамі правоў.

Практычна ва ўсіх грамадствах і сферах дзейнасці жанчыны падвяргаюцца дыскрымінацыі як з юрыдычнага, так і практычнага пунктаў гледжання. Такая сітуацыя абумоўлена і пагаршаецца наяўнасцю дыскрымінацыі ў сям'і, у грамадстве і на працоўным месцы. Хоць прычыны і наступствы гэтага могуць быць рознымі ў розных краінах, дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын з'яўляецца шырока распаўсюджанай з'явай. Захаванню гэтай з'явы спрыяе наяўнасць устояных стэрэатыпаў, а таксама традыцыйных культурных і рэлігійных звычаяў і ўяўленняў, прыніжаючых ролю жанчын.

З якімі праблемамі жанчыны сутыкаюцца?

Жанчыны, дзяўчаты і дзяўчынкі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і парушэннем правоў практычна ў кожнай сферы жыцця.

Вось некаторыя з іх:

  • працоўная дыскрымінацыя, якая ўключае няроўную аплату працы і "шкляная столь"; спіс забароненых прафесій для жанчын у шэрагу краін, у тым ліку і ў Беларусі; дыскрымінацыя пры ўладкаванні на працу і звальненне цяжарных жанчын;
  • хатні гвалт і дамаганні на працоўным месцы;
  • сексізм, гендэрныя стэрэатыпы і аб'ектывацыя ў рэкламе;
  • жаночае абразанне і раннія шлюбы
    і іншыя.

Што ўваходзіць у паняцце "гвалт"?

У 1993 годзе ААН была прынятая Дэкларацыя аб выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын, дзе "гвалт у адносінах да жанчын" вызначана так:

"любы акт гвалту, здзейснены на падставе палавой прыкметы, які прычыняе ці можа прычыніць фізічную, палавую або псіхалагічную шкоду ці пакуты жанчынам, а таксама пагрозы здзяйснення такіх актаў, прымус ці адвольнае пазбаўленне волі ў грамадскім або асабістым жыцці".

Гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчынак з'яўляецца адным з найбольш шырока распаўсюджаных, цяжкавыкаральных парушэнняў правоў чалавека, што вядзе да катастрафічных наступстваў у сучасным свеце.

Ён выяўляецца ў фізічнай, сэксуальнай і псіхалагічнай формах, уключаючы:

  • гвалт з боку партнёра (збіццё, псіхалагічны гвалт, згвалтаванне ў шлюбе, забойства жанчын);
  • сэксуальны гвалт і дамаганні (згвалтаванне, гвалтоўныя палавыя акты, непажаданыя сэксуальныя авансы, сэксуальны гвалт над дзецьмі, прымусовыя шлюбы, вулічныя дамаганні, пераслед, кіберпераслед);
  • гандаль людзьмі (рабства, сэксуальная эксплуатацыя);
  • аперацыі на жаночых палавых органах, якія калечуць;
  • дзіцячыя шлюбы.

Якія арганізацыі абараняюць правы жанчын у Беларусі?

Прытулак для жанчын і дзяцей "Радзіслава" – быў створана ў 2002 года ў Мінску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказання дапамогі іншым жанчынам, якія трапілі ў такую ​​ж сітуацыю. За гэты час больш за 450 жанчын і дзяцей атрымалі часовы прытулак, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу.

Тэлефон экстранай дапамогі для размяшчэння ў Прытулак для жанчын і іх дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту (кругласутачна) - 8 029 610 83 55.

"Гендэрныя перспектывы" – міжнародная грамадская арганізацыя, працуе па трох асноўных напрамках: супрацьдзеянне гандлю людзьмі, супрацьдзеянне хатняму гвалту і выкараненне дыскрымінацыі па прыкмеце полу, у тым ліку на рынку працы.

Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту – 8-801-100-8-801.

Інфалінія па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой – 7113.

"Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы" – беларуская некамерцыйная арганізацыя, місіяй якой з'яўляецца ўзмацненне патэнцыялу жанчын і дзяўчынак праз выкараненне дыскрымінацыі па прыкмеце полу і прасоўванне іх правоў і інтарэсаў.

Асноўны напрамак дзейнасці арганізацыі – прадастаўленне бясплатнай і канфідэнцыйнай інфармацыйна-прававой дапамогі.

Атрымаць кансультацыю можна па тэлефонах: +375 17 221 66 33, +375 29 635 56 620, +375 33 675 56 62.

Ініцыятыва "Маршыруй, дзетка!" самаарганізавалася ў той дзень, калі Канцэпцыя закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту была раскрытыкаваная прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і аўтаматычна запіхнутая ў далёкую скрыню. Сёння ініцыятыва ставіць сваёй задачай распрацоўку, абмеркаванне і прыняцце комплекснага закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі.

Усё яшчэ ёсць магчымасць падпісаць адпаведную петыцыю.

Якія мерапрыемствы прымеркаваныя да Міжнароднага жаночага дня ў гэтым годзе?

У Мінску і рэгіёнах пройдзе міжнародны дабрачынны diy-фестываль "Не вінаватая". Арганізатары адзначаюць, што гэты фэст праводзіцца другі год запар у многіх гарадах Расіі, Беларусі і іншых краінаў, каб прыцягнуць увагу да праблемы гвалту над жанчынамі.

7 і 8 сакавіка ў Мінску пройдуць лекторый, воркшопы і кінапрагляд, увесь прыбытак з якіх будзе пералічаны на прытулак для жанчын, якія перажылі хатні гвалт – "Радзіслава". Поўная праграма мерапрыемстваў на сайце 34mag.net.

Таксама пасольства Аўстрыі ў Беларусі праводзіць Фестываль жаночага анімацыйнага кіно "Знаходлівыя жанчыны. Няпростыя рэаліі" у кінатэатры "Піянер" з 6 па 8 сакавіка.

Усё з шэрагу 35 кароткаметражных фільмаў, якія будуць паказаныя на фестывалі, прыдуманыя і створаныя жанчынамі.

"На фестывалі будуць паказаныя анімацыйныя фільмы, поўныя інавацыйных вобразаў, уражанняў, якія выходзяць за рамкі рэальнасці, і зробленыя з вялікай любоўю да візуальных дэталяў", - адзначаецца ў паведамленні пасольства Аўстрыі.

Якія яшчэ важныя даты для жанчын варта памятаць?

Пачынаючы з 2015 года па ініцыятыве ААН 11 лютага адзначаецца Міжнародны дзень жанчын і дзяўчынак у навуцы. Навука застаецца адным з нешматлікіх сектараў, дзе гендэрная прадузятасць шырока распаўсюджаная і з'яўляецца для некаторых прымальнай практыкай. Нягледзячы на ​​некаторыя вядомыя выключэння, колькасць жанчын, прызнаных лідэркамі прэстыжнымі таварыствамі або ўдастоеных узнагародаў, застаецца нізкай. Дзяўчатам трэба паверыць у свае сілы ў якасці навукоўцаў, даследчыц, наватарак, інжынерак і вынаходніц!

Статыстыка паказвае, што ў святочныя дні павышаецца ўзровень хатняга гвалту. Менавіта таму вось ужо сем гадоў па ўсім свеце 14 лютага праводзіцца міжнародная акцыя "One billion rising" (Адзін мільярд паўсталых), дзе ўсе жадаючыя танчаць танец, закліканы праз мастацтва звярнуць увагу на праблему хатняга гвалту.

15 кастрычнікаМіжнародны дзень сельскіх жанчын, абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 18 снежня 2007 года. Рэзалюцыя ААН прызнае "важнейшую ролю сельскіх жанчын, у тым ліку жанчын, якія належаць да карэнных народаў, і іх уклад у паскарэнне развіцця сельскай гаспадаркі і сельскіх раёнаў, павышэнне харчовай бяспекі і выкараненне галечы ў сельскіх раёнах" і заклікае дзяржавы-удзельніц надаваць большае значэнне паляпшэнню становішча сельскіх жанчын у сваіх нацыянальных, рэгіянальных і глабальных стратэгіях развіцця.

Штогод ва ўсім свеце розныя мерапрыемствы праходзяць у межах 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту, якія стартуюць 25 лістапада - у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын, і завяршаюцца 10 снежня - у Дзень правоў чалавека.

У мінулым годзе Праваабарончы цэнтр "Вясна" выпусціў серыю альтэрнатыўных паштовак да 8 сакавіка: кветкі на іх звяртаюць увагу на існуючыя гендэрныя праблемы ў беларускім грамадстве – няроўная аплата працы, хатні гвалт, дыскрымінацыя па гендэрнай прыкмеце.

Спампаваць паштоўкі можна з flickr.com


Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства