viasna on patreon

Наляпіла улётку — парушыла парадак пікетавання? Дапоўнена

2020 2020-02-07T15:15:00+0300 2020-02-07T15:36:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/spiridonava_natalla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Спірыдонава ў судзе. Фота "Віцебскай Вясны"

Наталля Спірыдонава ў судзе. Фота "Віцебскай Вясны"

Раней, 27 студзеня, актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Наталлю Спірыдонаву і Алеся Круткіна затрымалі і даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, дзе абвінавацілі ў расклейцы ўлётак “Калгаснай дыктатуры – баста!”. На актывістаў склалі пратаколы па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), каб на наступны дзень іх судзіць. Тады Алесь Круткін быў адпраўлены ў ІЧУ, а Наталлю Спірыдонаву вызвалілі пад падпіску. Але тут жа актывістку павезлі ў іншы, Першамайскі РАУС, дзе на яе быў складзены другі пратакол па артыкуле 21.14 КаАП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). 

Наталля растлумачыла “Вясне”, што прычына гэтага пратакола — улётка, налепленая на будынак ГП “Віцебскі ДСК”. Міліцыянты тады ёй сказалі, што справу разгледзіць адміністрацыйная камісія без яе і дашле ёй сваё рашэнне (бо справы па арт 21.14 КаАП суд не разглядае).

На наступны дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска, як і планавалася, прайшло судовае пасяджэнне над актывістамі — за ўлётку, якая была налепленая на будынку Пракуратуры г. Віцебска. На судзе Наталля Спірыдонава вырашыла хадайнічаць аб перакваліфікацыі адміністрацыйнага правапарушэння з арт. 17.1 КаАП на ч. 2 арт. 21.14 КаАП. Таму разгляд справы быў прыпынены, а пратаколы вернутыя ў Кастрычніцкі РАУС на выпраўленне недахопаў. 

Што ў выніку?

Пасля суда Наталлі Спірыдонавай  была ўручана позва з’явіцца 31 студзеня ў Кастрычніцкі РАУС, дзе нарэшце перагледзелі пратакол за ўлётку на будынку Пракуратуры. Там актывістка даведалася, што адміністрацыйную справу перакваліфікавалі не па артыкуле 21.14, як яна хадайнічала, а па артыкуле 23.34 (парушэнне парадку правядзенне масавага мерапрыемства). З гэтай нагоды міліцыянты ўручылі ёй позву ў суд Кастрычніцкага раёна г. Віцебска: 12 лютага ў 15.30

Таксама Наталля паведаміла, што ў гэты ж час суд будзе і ў Алеся Круткіна, які знаходзіцца зараз у Віцебскім ІЧУ. 

Толькі праз тыдзень адвакат патрапіў да арыштаванага Алеся Круткіна

Актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Алесь Круткін працягвае адбываць пакаранне ў Полацкім ізалятары часовага ўтрымання.

Паралельна міліцыянты паспрабавалі распытаць Наталлю пра іншыя ўлёткі, расклееныя па горадзе. Але актывістка ад дачы паказанняў адмовілася.

“Калі даведаемся, хто наклеіў, то мы павінны па кожнай улётцы скласці пратакол як за пікетаванне [то бок па арт. 23.34 — заўв. рэд.]", – паведамілі Наталлі міліцыянты.

А што ж па іншай улётцы?

Не дачакаўшыся рашэння адміністрацыйнай камісіі за ўлётку на будынку ГП “Віцебскі ДСК”, Наталля вырашыла патэлефанаваць у РАУС. Некалькі дзён ёй не давалі зразумелага адказу, але ў рэшце рэшт паведамілі: за гэтую ўлётку спачатку было прынята рашэнне аб накладанні штрафа ў 270 рублёў па ч. 2 артыкула 21.14, але потым рашэнне раптоўна адмянілі, а справу перанакіравалі на дапрацоўку ў пракуратуру.

Ці “ператрансфармуюць” і гэтую справу з “парушэння добраўпарадкавання” таксама ў “парушэнне масавага мерапрыемства”, пакуль невядома.

Дапоўнена: сёмага лютага Наталля Спірыдонава паведаміла "Вясне" пра тое, што чакае суда 11 лютага ў 9.00 (суд Першамайскага раёна г. Віцебска). Там будзе разглядацца справа аб неўступленні ў законную сілу  рашэння адміністрацыі Першамайскага раёна, якая папярэдне вынесла рашэнне аб штрафе за ўлётку ў 270 рублёў. 

"Сёння мне патэлефанавала сакратарка суда і сказала, што пракурор Віцебскай Пракуратуры падаў пратэст на рашэнне адміністрацыі, вось гэтая справа і будзе разглядацца 11 лютага", — распавяла Наталля Спірыдонава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства