Наталлю Спірыдонаву аштрафавалі за пікет і пачалі судзіць за расклейванне налепак
28 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Наталлю Спірыдонаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у снежаньскім антыінтэграцыйным пікеце на плошчы Перамогі. У гэты ж дзень у судзе Кастрычніцкага раёну яна разам з полацкім актывістам Алесем Круткіным стала фігуранткай іншай адміністрацыйнай справы, піша "Віцебская Вясна".
У Чыгуначным судзе Віцебску адміністрацыйную справу Наталлі Спірыдонавай, удзельніцы несанкцыянаванага пікету на плошчы Перамогі 29 снежня, разгледзела суддзя Ала Бардзюкова. Актывістку абвінавацілі ў правапарушэнні паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП РБ.
Спірыдонава на судовае пасяджэнне не прыйшла, разгляд справы адбыўся без яе ўдзелу. Як сцвярджаецца ў пратаколе, сваімі дзеяннямі актывістка парушыла парадак арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Падчас пікету трымала ў руках плякат з надпісам: «Лукашэнку – ворага краіны – у адстаўку! Не – інтэграцыі!»
За актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні суддзя Бардзюкова аштрафавала Наталлю Спірыдонаву на 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Нагадаем, 23 студзеня суд Першамайскага раёну пакараў Спірыдонаву штрафам за публічны заклік узяць удзел у снежаньскім пікеце (таксама - 25 б.в.).
Суд за налепкі «Калгаснай дыктатуры – баста!»
У той жа дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску адміністрацыйнае правапарушэнне актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Спірыдонавай і Круткіна пачаў разглядаць суддзя Ільля Белавус.
Актывістаў затрымалі днём 27 студзеня за расклейванне налепак «Калгаснай дыктатуры – баста!» Адна з налепак з'явілася і на будынку Віцебскай абласной пракуратуры. Міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства).
У Віцебску затрыманыя актывісты «Еўрапейскай Беларусі». Алеся Круткіна вязуць на суд у Полацк
Полацкі актывіст Алесь Круткін правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ).
На судзе Наталля Спірыдонава хадайнічала аб перакваліфікацыі адміністрацыйнага правапарушэння з арт. 17.1 КаАП на ч. 2 арт. 21.14 КаАП РБ (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрыманьня населеных пунктаў). Алесь Круткін, у сваю чаргу, прасіў суддзю прыпыніць працэс, каб мець магчымасьць заключыць дамову з адвакатам.
Пасля невялікага перапынку суддзя Ільля Белавус задаволіў абодва хадайніцтвы. Разгляд справы быў прыпынены, а пратаколы вернутыя ў Кастрычніцкі РАУС на выпраўленне недахопаў.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96