Блогер “Шэры кот”, якога пакаралі трэці раз арыштым: "Чакайце на майскія"
Блогера Змітра Казлова, вядомага як «Шэры кот», трэці раз запар пакаралі арыштам на 15 сутак за снежаньскія акцыі пратэсту, цытуе Радыё Свабода словы ягонай знаёмай Паліны Сцепаненкі.
Паліна Сцепаненка, даведалася, што 13 студзеня Казлова зноў судзілі, пакуль ён быў за кратамі ў Воршы. Ніхто з ягоных знаёмых ці прадстаўнікоў аб працэсе ня ведаў.
Праваабаронца Ігар Казмерчак паведамляе, што на Змітра Казлова агулам склалі 8 пратаколаў (за ўдзел у акцыях і за распаўсюд заклікаў да ўдзелу) , вядома таксама, што яго яшчэ чакае працэс 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску.
«Сам ён сказаў: „Чакайце на майскія“, — паведаміла Паліна Сцепаненка Свабодзе. — Абскарджваць нічога не будзе: прызнае і ўдзел у акцыях, і распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках».
Казлоў перастаў выходзіць на сувязь 26 снежня 2019 году. Паплечнікі па «Эўрапейскай Беларусі» кажуць, што пяць дзён спрабавалі даведацца ў праваахоўнікаў, ці не затрымлівалі Казлова. Яго павінны былі судзіць 30 снежня ў судзе Ленінскага раёну Менску, і толькі ў той дзень высветлілася, што блогера затрымалі 25-га і пасадзілі на 15 сутак у ізалятар у Воршы. Ён меў выйсці на волю 9 студзеня, але высветлілася, што яго судзілі яшчэ раз, пакуль ён адбываў пакаранне, ізноў на 15 сутак.
Блогер «Шэры Кот» не выйшаў на волю пасля арышту. Яму прысудзілі яшчэ 15 сутак