Людміла Кучура: “Уражанне, што міністр сапраўды хоча зменаў”
Людміла Кучура, якой у адстойванні правоў асуджанага мужа дапамагае Праваабарончы цэнтр “Вясна”, 4 студзеня сустрэлася з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым.
На прыёме жонка асуджанага Пятра Кучуры не толькі казала пра праблемы свайго мужа ў папраўчай калоніі №15, а цяпер – турме №4 г. Магілёва, але і данесла свае прапановы па гуманізацыі ўмоваў адбывання пакаранняў для асуджаных.
У прыватнасці Людміла Кучура распавяла пра вялікія сумы грошай за камунальныя паслугі, якія ўтрымліваюцца са зняволеных пенсіянераў і інвалідаў.
Жонка асуджанага: «Камуналка» за турэмную камеру амаль роўная «камуналцы» за трохпакаёвую кватэру ў Мінску
Жанчына адзначыла нестыкоўкі ў Правілах ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, дзе ў пункце 143 замацавана, што “лісты асуджаных і лісты, якія паступілі на іх імя, выкананыя тайнапісам, шыфрам, з ужываннем іншых умоўнасцяў або жаргону, а таксама якія носяць цынічны характар, накіраваныя на прычыненне шкоды ахоўваемых законам правам дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзянаў альбо якія змяшчаюць звесткi, што складаюць дзяржаўную, службовую таямніцу, адрасату не накіроўваюцца і асуджанаму не выдаюцца. Пра гэта аб'яўляецца асуджанаму, пасля чаго такая карэспандэнцыя знішчаецца”.
У той час, як у пункце 157 Правілаў гаворыцца, што “прапановы, заявы і скаргі, якія змяшчаюць нецэнзурныя выразы, а таксама якія прыніжаюць гонар і годнасць работніка ўстановы і іншых асобаў, адрасату не накіроўваюцца, але далучаюцца да матэрыялаў асабістай справы асуджанага, а асобы, якія падалі іх, прыцягваюцца да адказнасці ў парадку, устаноўленым заканадаўствам”.
Яна прапанавала змяніць палажэнні Правілаў такім чынам, каб лісты, якія нібыта ўтрымліваюць жаргон, нецэнзурныя выразы, абразы ці носяць цынічны характар, таксама захоўваліся ў асабістай справе асуджанага, а не знішчаліся. Гэта дало б магчымасць самаму асуджанаму ці яго родным абскарджваць рашэнне адміністрацыі папраўчай установы аб нявыдачы карэспандэнцыі.
Таксама Людміла Кучура прапанавала захоўваць відэазапісы з відэарэгістратараў, усталяваных у штрафных ізалятарах і памяшканнях камернага тыпу, з тым, каб была магчымасць іх праглядаць пры абскарджванні тых ці іншых інцыдэнтаў з мэтай устанаўлення абставінаў здарэнняў і вінаватых асобаў – асуджаных ці супрацоўнікаў калоніі.
Жонка асуджанага звярнула ўвагу Юрыя Караева і на той факт, што ужо некалькі разоў муж не змог падпісаць і накіраваць генеральную даверанасць на яе імя нібыта з-за недакладнасцей пры яе напісанні. Яна прапанавала, каб у будучым не здаралася такіх недарэчнасцяў, размясціць узор генеральнай даверанасці на стэндзе ў папраўчых установах. Любы асуджаны тады б змог напісаць такі дакумент без памылак.
Суд не задаволіў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры
Узгадала жанчына і пра “металічныя жалюзі” у камерах СІЗА, ПКТ, ШІЗА і турмах, са скаргамі на якія звярталіся ў Генеральную пракуратуру, МУС і Дэпартамент выканання пакаранняў магілёўскія праваабронцы. З-за недахопу святла ў Пятра Кучуры за апошні час значна пагоршыўся зрок. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе на вокнах установаў пазбаўлення волі ў парушэнне міжнародных стандартаў працягваюць выкарыстоўваць “раснічкі”.
Магілёўская турма №4 і ААН. Як магілёўскія праваабаронцы спрабуюць акультурыць СІЗА
Людміла Кучура таксама перадала міністру ўнутранных спраў дзве брашуры, падрыхтаваныя Беларускім дакументацыйным цэнтрам – “Вярнуць чалавека: заканадаўства, міжнародныя стандарты і грамадскі кантроль” і “Рэспубліка Беларусь: рэсацыялізацыя зняволеных і вызваленых з месцаў пазбаўлення волi”. Юры Караеў забраў іх на вывучэнне.
Увогуле Людміла Кучура адзначае, што прыём быў вельмі ветлівы і добразычлівы: можна сказаць, упершыню з ёй размаўлялі, слухалі і чулі, абмяркоўвалі праблемы, абяцалі разабрацца.
“Я данесла свае прапановы. Юры Караеў абяцаў, што яны будуць абмяркоўвацца і па ім будуць прымацца рашэнні. Ён пагадзіўся з тым, што тое, якім чалавек выйдзе на свабоду, залежыць ад адносінаў да асуджанага і ўмоваў яго ўтрымання ва ўстановах адбывання пакарання.
Уражвае тое, што міністр стараецца сустракацца з людзьмі, выслухоўвае іх і сапраўды хоча зменаў”, – падкрэсліла жонка асуджанага.
Людміла Кучура спадзяецца, што ў хуткім часе адбудуцца змены да лепшага, але не выключае, што Дэпартамент выканання пакаранняў са свайго боку будзе супраціўляцца прапановам жанчыны.