viasna on patreon

Жонка асуджанага: «Камуналка» за турэмную камеру амаль роўная «камуналцы» за трохпакаёвую кватэру ў Мінску

2019 2019-02-01T11:56:41+0300 2019-02-01T11:57:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kran_kolonia.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іллюстрацыйнае фота

Іллюстрацыйнае фота

Як піша mspring.online, у ліпені 2018 году жонка асуджанага Пятра Кучуры, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі №15, звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС і папрасіла даць ёй інфармацыю пра тое, колькі грошай вылічаецца з пенсіі мужа на камунальныя паслугі, харчаванне і вопратку.

"Паводле даведкі, атрыманай з бухгалтэрыі ПК-15, сумы ўтрымання за камунальныя паслугі з пенсіі майго мужа ў месцах пазбаўлення волі за паўтары гады склалі 639,84 рублі", – сцвярджае Людміла Кучура.

Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры
Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Паводле яе слоў, памер штомесячных плацяжоў, якiя бяруцца з Пятра Кучуры ў калоніі, практычна параўнальныя з памерам штомесячнай аплаты камунальных паслуг за трохпакаёвую кватэру ў Мінску, дзе яна жыве.

"Пры гэтым мой муж «пражывае» на плошчы не больш за 3 кв.м у агульным пакоі сумесна з 20-30 людзьмі. А памер падсобных памяшканняў, якiя прыпадаюць на яго долю, складае 1-2кв.м., так як усю плошчу такіх памяшканняў неабходна дзяліць на агульную колькасць асуджаных, якіх каля двух тысячаў", – абураецца жанчына.

Таксама жонка асужданага звяртае ўвагу на тое, што яе муж, знаходзячыся ў калоніі, нібыта спажыў вады на 2 428 872 (тут і далей недамінаваных) рублёў, а выліў у каналізацыю на 38 641 877 рублёў.

Згодна з яе разлікамі, з крана калоніі вылілася ў пятнаццаць разоў менш вады, чым ўлілося ў каналізацыю. Такім чынам з’явілася розніца прыкладна ў 62 000 000 рублёў за ваду, якую асуджаныя не ўжывалі.

«Камуналка» за электрычнасць таксама выклікае пытанні.

"Паводле даведкі, за электраэнергію з асуджаных было ўтрымана 153 865 828 рублёў. На той час у калоніі было 1700 асуджаных. Атрымліваецца, з кожнага асуджанага было ўтрымана каля 90 509 рублёў", – здзіўляецца яна.

На кожнага асуджанага прыходзіцца больш за 100 кВт у месяц. У чэрвені 2013 г. 1 кВт для юрыдычных асобаў каштаваў прыкладна 900 рублёў. Паводле яе слоў, варта ўлічыць тое, што гэты разлік быў прадстаўлены за чэрвень месяц, у якім самыя доўгія светлавыя дні, адбой у асуджаных у 22.00 гадзіны, днём шмат хто знаходзіцца на прамзоне, бытавой тэхнікі мінімум.

"На атрад адзін халадзільнік, адзін тэлевізар, кіпяцільнікі, якія ўлетку практычна не выкарыстоўваюцца, – лічыць Людміла Кучура. – У атрадзе прыкладна 100-120 чалавек, асуджаныя жывуць у пакоях ад 10 да 30 чалавек. Якім чынам у летні месяц 1700 асуджаных могуць выкарыстыць 170 000 кВт? Як можа асоба, якая не мае асабістых электрапрыбораў, з адной лямпачкай на агульны пакой у летні месяц напаліць 100 кВт?"

У лістападзе 2016 года начальнік ДВП МУС Рэспублікі Беларусь падчас прамой лініі газеты «Беларусь Сегодня» заявіў, што ўтрыманне аднаго асуджанага ў месцах пазбаўлення волі абыходзіцца дзяржаве ў 111 рублёў у месяц. Гэта не супадае з падлікамі Людмілы Кучуры:

"Мой муж цалкам пакрывае ўсе гэтыя расходы са сваёй пенсіі. Куды тады ідуць грошы, якія выдзяляе дзяржава на яго штомесяц? Атрымліваецца, што мой муж аплочвае камунальныя паслугі не толькі за сябе, але і за тых, хто не працуе ў калоніі або іх заробак настолькі малы, што на ўтрыманне камунальных паслуг не застаецца сродкаў. А сам падлік вышэйзгаданых плацяжоў з яго, мяркую, наўмысна зроблены на карысць калоніі".

Каб разабрацца ў сітуацыі, жанчына звярнулася ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Ад КДК жанчына чакае праверкі законнасці збірання плацяжоў за камунальныя паслугі з асуджаных у папраўчай калоніі №15 г. Магілёва. Акрамя гэтага, Людміла Кучура патрабуе праверкі і ўстанаўлення службовых асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, а таксама прыцягнення названых асобаў да дысцыплінарнай ці адміністрацыйнай адказнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства