Пінскага пісьменніка папярэдзілі за заклікі да несанкцыянаванай акцыі
Пінскага пісьменніка і актывіста Паўла Ляхновіча затрымалі міліцыянты. Пра гэта "Радыё Свабода" паведаміла ягоная жонка, сам ён застаўся без сродкаў сувязі.
Як кажа жанчына, дагэтуль да іх ужо прыходзіў участковы, які настойліва рэкамэндаваў з'явіцца ў аддзяленне міліцыі на гутарку. Прычыну ўчастковы не называў. Тады Павал Ляхновіч адказаў, што не супраць запрашэння, але запатрабаваў афіцыйную позву, прычым, каб абавязкова была напісаная па-беларуску.
Раніцай 19 снежня ў дзверы пагрукаліся. Як расказала жонка паэта, на парозе стаялі тры міліцыянты, якія загадалі збірацца — маўляў, «трэба пагаварыць».
Як стала вядома праваабаронцам, пазней Ляхновіча адпусцілі. Прычынай затрымання стала з'явіўшаяся на днях інфармацыя пра тое, што ў Пінску рыхтуецца акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Ляхновіч атрымаў пракурорскае папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
"Шыюць арганізацыю пратэстнага мерапрыемства. Супрацоўніца пракуратуры пакрыўдзілася на маю спробу "парушыць яе правы на расійскую мову". Потым паспрабавала перавесці маналог у філалагічнае рэчышча, але паколькі я маўчаў, бо не разумеў, то маналог хутка скончыўся, і я пайшоў. І яшчэ, глытаючы сліну, намякнула мне пра грошы, якія я такім чынам зарабляю", - распавёў Павел Ляхновіч "Вясне".
Павел Ляхновіч з'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.