viasna on patreon

Суд над Дзмітрыем Паліенкам: дзень другі Дапоўнена

2019 2019-10-18T19:30:00+0300 2019-10-18T17:18:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palienka-2019-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Паліенка на судзе 17 кастрычніка 2019 года.

Дзмітрый Паліенка на судзе 17 кастрычніка 2019 года.

У Мінскім гарадскім судзе 18 кастрычніка працягнецца разгляд крымінальнай справы сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі.

На першым судовым пасяджэнні стала вядома, што пракуратура адмовілася ад ранейшых абвінавачванняў па арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку).

Справа разглядаецца толькі па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) па факце распылення пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы.

Разглядае справу суддзя Пётр Арлоў. Пракурор - Аляксандр Кароль.

З-за вялікага грамадскага рэзанансу суд прыняў рашэнне праводзіць працэс ў адкрытым рэжыме.

На судзе выявілася шмат супярэчнасцяў паміж паказаннямі пацярпелага і сведкаў, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе.

***

Перад судовым паседжаннем у чарзе быў затрыманы актывіст "Народнай грамады" Сяргей Спарыш. Яго павязалі і ўвалаклі. На падставе таго, што суддзя забараніў яму прысутнасць. Пры затрыманні прысутнічаў камандзір мінскага АМАПу Дзмітрый Балаба

Пасяджэнне пачалося. Першым выступае сведка Максім Баруўка. Ён прадавец у краме, якая гандлюе вайсковай атрыбутыкай. Менавіта ў яго Паліенка набываў пярцовы балончык. Ён тлумачыць, што для пакупкі пярцовых балончыкаў патрабуецца толькі тое, каб чалавек быў паўналетні. Паліенку ён не памятае. Распавядае пра характарыстыкі балончыка і пацвярджае, што ўжываць яго можна толькі для самаабароны.

Суддзя зачытвае паказанні, якія даваў Баруўка падчас следства: "Пярцовы балончык "Жгучы перчык" быў прададзены Дзмітрыю Паліенку. Пасля продажу Баруўка выйшаў у калідор і адчуў пах газу. Ператэлефанаваў кліенту і спытаўся, нашто той распыліў газ. Дзмітры Паліенка адказаў, што распыліў газ выпадкова. Клаў два балончыкі ў кішэню і націснуў адзін з іх".

Пачалі разглядаць рэчавыя доказы. Аглядаюцца пярцовыя балончыкі. Дзмітрый Паліенка пагаджаецца, што яны належаць яму.

Суд пераходзіць да даследвання аўдыёзапісаў тэлефоннага званка жонкі пацярпелага ў хуткую дапамогу і відэазапісаў з кавярні, дзе знаходзіўся пацярпелы перад інцыдэнтам. Суддзя абвяшчае перапынак, бо аўдыёзапіс не спрацоўвае. 

Пасля перапынку ўключылі аўдыёзапіс размовы жонкі пацярпелага Юрына са службай хуткай дапамогі. Яна патэлефанавала туды, каб даведацца, што рабіць у сітуацыі, калі яе мужу пырснулі ў вочы газам.

Жонка: Ён п’яны. 

Дзяжурная хуткай: Дык што, ён на нагах не трымаецца? 

Жонка: Так. Мы з дзецьмі яго паклалі.

Менавіта па гэтай прычыне хуткая не збіралася прыязджаць.

Суддзя пытае ў пацярпелага: Вы знаходзіліся ў стане моцнага ап’янення. Што можаце патлумачыць?

Пацярпелы Юрын: Я быў не такі ўжо і п'яны. Паўгадзіны прамываў вочы ў ванне на паўсагнутых нагах. А жонка казала эмацыйна...

Далей распачаўся прагляд відэа з кавярні "Хмельная застава", у якой адпачываў Юрын з сябрам перад інцыдэнтам. На відэа бачна, што яны выходзяць з кавярні каля 19.00. З імі была яшчэ трэцяя асоба, з якой пацярпелы паліў на вуліцы, размаўляў. Ён тлумачыць у судзе, што гэта быў выпадковы чалавек.

Пасля невялікага перапынку працэс прадоўжыўся. 

Праваабарронцы Павел Сапелка і Алесь Бяляцкі з судзе
Праваабаронцы Павел Сапелка і Алесь Бяляцкі ў судзе

Пачынаецца допыт сведкі - жонкі пацярпелага Юрына Алены Саліевай.

Яна распавядае, што пацярпелага ў кватэру завялі дзеці. Распавядае, што ў мужа складаныя адносіны з медыкамі. Яна патэлефанавала, каб пракансультавацца. Адмовілася ад прыезду брыгады хуткай, бо не хацела потым сямейнага скандалу. Пацвердзіла, што казала: муж моцна п’яны. Прыехаў сябра пацярпелага, з якім яны былі ў кавярні. Праз поўгадзіны муж далучыўся да іх.

Яна распавядае, што ўспрыняла інцыдэнт з балончыкам як непрыемнасць у сваёй сям’і. Жанчына прызнае: "У любым выпадку чалавек выпіў. Я перавялічыла наконт ягонага ап'янення, калі тэлефанавала ў хуткую". Суддзя вырашыла паўторна паслухаць аўдыёзапіс размовы Саліевай і дзяжурнай хуткай.

Суддзя: Медработнік казаў пра неабходнасць гаспіталізацыі. Чаму вы адмовіліся і неаднаразова падкрэслівалі, што супруг знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення? 
Саліева: Я спецыяльна ўвыдатняла стан мужа. Калі я пачула, што размова ідзе пра гаспіталізацыю, я сказала эмацыйна.

Пракурор Кароль пытаецца, калі Саліева даведалася пра выпадак ў пад’ездзе. Яна спачатку не хоча адказваць, бо не ўпэўнена, аднак затым пачынае распавядаць.

"Муж за курэнне ў пад’ездзе зрабіў заўвагу, бо малады чалавек ці то курыў, ці то прыкурваў. Міліцыю не выклікалі. Пазней муж паставіў перад фактам: падумаў і прыняў рашэнне падаць заяву ў міліцыю".

Адвакатка: Чаму вы адмовіліся ад гаспіталізацыі мужа?

Саліева: Атрымала кансультацыю і спадзявалася на лепшае. Не хацела гаспіталізацыі, бо ведала, што яго могуць праверыць на ўтрыманне алкаголю ў крыві.

Зачытваюць па просьбе адвакаткі папярэднія паказанні жонкі. Ёсць разыходжанні ў паказаннях. Так, у пратаколе пазначана, што яна не выклікала міліцыю, бо была ў шоку ад сітуацыі. Таксама падчас следства яна казала, што была супраць гаспіталізацыі, бо муж – працаголік.

Перапынак да 14.00.

Пасля перапынку ў суд выкліканы сведка Сяргей Саліеў, які з'яўляецца прыёмным сынам пацярпелага. Дзмітрый Паліенка лічыць, што сын пацярпелага можа мець намер агаварыць яго. Сведка распавядае, што калі бацька пазваніў у дамафон, дзверы пад'езда яму адчыніла сястра, але пацярпелы доўга не падымаўся ў кватэру. Тады Сяргей з сястрой спусціліся ўніз, ўбачылі бацьку і адчулі пах перцу. У бацькі быў памаранчавы твар, яны адвялі пацярпелага дамой і доўгі час чыхалі ад перцу. 

На пытанні дзяржабвінаваўцы Сяргей Саліеў адказвае, што не памятае дакладную дату, не можа дакладна адказаць, ці адчуваў ён пах цыгарэтнага дыму. А вось наконт паху алкаголю адказвае, што дакладана такого не было, бо ён бы дакладна адчуў. Сам бацька ў той момант нічога не казаў сыну і не распавядаў, што здарылася. 

Ужо ў кватэры маці палівала вадой твар пацярпелага, бо ў бацькі слязіліся вочы. Сведка не прысутнічаў у той момант, калі маці тэлефанавала ў хуткую дапамогу. Пасля прамывання вачэй пацярпелага паклалі на ложак, прыехаў сябра Юрына – Каратаеў. 

"Бацька распавёў, што ён ішоў па прыступках, там быў хлопец, бацька зрабіў яму заўвагу, а той пырснуў яму ў твар з балончыка. Бацька заўсёды робіць заўвагі тым, што паліць", - кажа Сяргей Саліеў. 

Сведка кажа, што пацярпелы хутчэй за ўсё не знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, пазней яны абмяркоўвалі здарэнне і прыйшлі да высновы, што гэта быў нейкі хуліган. На наступны дзень сын, які вучыцца ў медычным каледжы, заўважыў паляпшэнне ў стане здароўя Юрына. 

Далей сведку запытвае адвакатка Дзмітрыя Паліенкі: 

- Ці прасіў бацька выклікаць хуткую ці міліцыю? 

- Не памятаю, не той стан быў. 

- Вы падымаліся на ліфце і ўвесь час былі побач з бацькам?

- Так, потым сустрэлі сястру і сказалі паклікаць маці.

Суддзя ўдакладняе: 

- Калі менавіта пацярпелы патлумачыў, што адбылося на лесвічнай пляцоўцы? 

- Тады, калі пачалі аказваць першую дапамогу. Каратаеў прыехаў праз 20-30 хвілін пасля гэтага.

- Ці пацярпелы казаў штосьці Каратаеву пры вашай прысутнасці? 

- Не, альбо я не помню. 

Адвакатка пытаецца, ці прасіў пра што-небудзь пацярпелы сведку ў той час, калі яго завялі ў тамбур, але сын дакладна не памятае, мяркуе, што магчыма бацька папрасіў вады. 

Абаронца просіць агалосіць паказанні сведкі падчас следства, т.к. ёсць супярэчнасці. 

palienka_sud_n2.jpg
Дзмітрый Паліенка ў судзе

Адвакатка зачытвае паказанні Сяргея Саліева ад 15 сакавіка, дзе ён сцвярджае, што твар у бацькі быў фіалетавага колеру і ён адчуў ад бацькі "нейкі пах, як пазней яму стала вядома, падобны на пах пярцовага газу". Абаронца Паліенкі запытвае сведку, чаму пры допыце ён казаў, што твар у бацькі быў фіялетавы, а цяпер - што памаранчавы? Аднак ніякага ўцямнага адказу на гэтае пытанне няма.

Таксама Сяргей Саліеў у судзе кажа, што даваў паказанні адзін раз, аднак у матэрыялах справы ёсць другі пратакол допыту ад 25 сакавіка, дзе сведка ўжо ўказвае, што твар у пацярпелага быў памаранчавага колеру, і сыходзячы з гэтага сведка зрабіў выснову, што гэта ўздзеянне перцу, менавіта таму ён пачаў глядзець у інтэрнеце, што рабіць пры такіх выпадках. Цяпер у судзе Сяргей Саліеў кажа, што магчыма ён агаварыўся. 

У гэтым жа пратаколе значыцца, што сведка паведаміў, што бацька быў з жанчынай, акрамя суседкі, але падчас першага допыту пра гэта Сяргей Саліеў не казаў. 

Суддзя запытвае, што гэта за жанчына была, але сведка спасылаецца на дрэнную памяць на твары, таму не ўпэўнены, суседка гэта была ці не. Сам Дзмітрый Паліенка не бачыў ніякай жанчыны. Допыт Сяргея Саліева скончаны. 

Наступным дапытваюць сведку Андрэя Войніча. Ён распавядае, што зайшоў дамоў у прыбіральню літаральна на пару хвілін, у гэты час Дзмітрый Паліенка заставаўся ў пад'ездзе. Кватэра сведкі знаходзіцца на чацвёртым паверсе. Калі выйшаў з кватэры, убачыў Юрына пасярод лесвічнай пляцоўкі паміж першым і другім паверхам. Ён пазнаў пацярпелага, бо неаднаразова яго бачыў, і амаль адразу адчуў пах пярцовага газу. Сведка сцвярджае, што Юрын быў у стане крайняга ап'янення і вочы ў яго былі адкрытыя. Войніч не аднаразова сам адчуваў уздзеянне перцу на сабе і кажа, што ў такіх выпадках вочы аўтаматычна закрываеш. 

Паліенка казаў яму па тэлефоне, што пацярпелы быў п'яны, таму Дзмітрый абараняўся. 

"На мяне накінуўся мужык, таму я і дастаў балон", - казаў пасля Паліенка. 

На пытанне адваката, колькі разоў у рэальным жыцці сведка сустракаўся з Паліенкам, Андрэй Войніч адказвае, што сёння - трэці, да гэтага перапісваліся анлайн.

palienka_sud_n.jpg
Сябры Дзмітрыя Паліенкі ў залі суда

Ён сцвярджае, што Юрын быў п'яны. Цікава, што сведка скончыў курс павышэння кваліфікацыі ў медкаледжа па ўстанаўленню фактаў ужывання алкаголю і псіхаактыўных рэчываў.

Дзяржабвінаваўца хадайнічае аб зачытванні паказанняў ад 20 сакавіка, так ёсць супярэчнасці. Так у пратаколе адзначаецца, што Паліенка паведаміў Войнічу, што пацярпелы схапіў або спрабаваў схапіць абвінавачанага. У зале ж суда сведка казаў, што Паліенка сказаў, што мужчына хацеў ці то ударыць яго, ці то схапіць.

Пацярпелы удакладняе, як можна вызначыць алкагольнае ап'яненне. Сведка тлумачыць: пустыя вочы, у размове пераважала слова на літару Б.

Дзяржабвінаваўца зачытвае матэрыялы з вочнай стаўкі Войніча і Юрына. У іх адзначаецца, што паміж імі няма ніякіх адносінаў, пражываюць у адным пад'ездзе.

Пытанне Юрыну: Ці ўжывалі алкаголь 13 сакавіка, і якая ў вас хада была?
Юрын: Выпіў 1 літр піва, хада роўная.
Войніч: Лічу, што пацярпелы быў у стане моцнага ап'янення. Пах цыгарэт не адчуваў, але калі б ён быў, то абавязкова бы адчуў.

Юрын настойвае, што Паліенка курыў, і ён зрабіў у ветлівай форме яму заўвагу, пасля чаго Паліенка адразу пырснул з балончыка. Больш ён нікога з людзей не бачыў, бо знаходзіўся ў шокавым стане.

Войніч: Калі спускаўся ўніз з кватэры, бачыў Юрына, і той быў вельмі п'яны, што вызначыў па паху і гаворке. Потым сустрэў Паліенку, і той сказаў, што пацярпелы ці то замахваўся на яго, ці то спрабаваў схапіць.

Андрэя Войніча вызваляюць ад вытворчасці па справе. Суддзя абвясціў перапынак з-за ксеракопіі пасведчання сведкі пра курс павышэння кваліфікацыі па ўстанаўленню фактаў ужывання алкаголю і псіхаактыўных рэчываў.

Пасля перапынку адвакат хадайнічае аб допыце ў якасці дадатковага сведкі яшчэ аднаго жыхара дома, дзе адбыўся інцыдэнт - Аляксандра Гомана.

Ён распавядае, што да яго прыходзіў следчы і пытаўся, ці ведае аб тым, што адбылося. Тады Аляксандр Гоман паказаў, што ў той дзень заходзіў у пад'езд у 20 гадзінаў, аднак паху балончыка не было. У яго дома жыве сабака, і яна адразу адчувае, калі ў пад'езд заходзяць староннія людзі, але ў той раз нічога такога не было. Таксама ён пацікавіўся ў следчага, чаму той прыйшоў праз дзень, на што атрымаў адказ, што пацярпелы толькі зараз напісаў заяву. Тады сведка падумаў, што мабыць пацярпелы быў п'яны. Характарызуе Юрына як канфліктнага чалавека, распавядае, што сам асабіста не раз выклікаў на яго міліцыю.

«Я ведаю аднаго канфліктнага чалавека, і гэта пацярпелы. Я часцяком бачу яго ў стане алкагольнага ап'янення», - сказаў суду Аляксандр Гоман.

Жонка сведкі ў той дзень яшчэ раней прыйшла дадому, але ні паху цыгарэт, ні паху перцу не адчула.
Суддзя дапытваецца, чаму сведка называў пацярпелага агрэсіўным: толькі з-за шумнага рамонту 10 гадоў таму? Сведка ўзгадвае, як 5 гадоў таму на Новы год пацярпелы накрычаў на дзяцей, якія святкавалі і шумна сябе паводзілі.

Юрын апраўдваецца, што тады яго дачка была маленькай і яму перашкаджаў шум.

Суд пераходзіць да допыту Паліенкі, але абвінавачваны заяўляе хадайніцтва аб тым, каб даць паказанні пазней, напрыклад, у панядзелак.

Суддзя аб'яўляе перапынак да 12 гадзін 23 кастрычніка.

Суд над Дзмітрыем Паліенкам: дзень першы

На першым судовым паседжанні абвінавачаны Паліенка спрабаваў ўскрыць сабе вены, у судзе распачаўся пярэпалах. Дзяржаўны абвінаваўца адмовіўся ад большасці эпізодаў, пакінуўшы толькі артыкул 339 (асабліва злоснае хуліганства. Судовы дзень завяршыўся вывучэннеі пісьмовых матэрыялаў справы.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства