viasna on patreon

Анаіс Марэн: “Занадта шмат ранейшых пытанняў ігнаруюцца надзвычай доўга” Відэа Дапоўнена

2019 2019-07-02T15:20:00+0300 2019-07-09T12:42:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/specdoklad_maren.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Анаіс Марэн падчас дакладу ў Савеце па правах чалавека ААН

Анаіс Марэн падчас дакладу ў Савеце па правах чалавека ААН

2 чэрвеня на 41-й рэгулярнай сесіі Савета па правах чалавека ААН спецдакладчык па Беларусі Анаіс Марэн прадставіла свой першы даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Падчас свайго выступу Анаіс Марэн адзначыла:

Пры адсутнасці сур’ёзных заканадаўчых рэформаў, пры адсутнасці сапраўднага балансу галінаў улады, пры адсутнасці палітычнай волі да добрасумленнай абароны і прасоўвання правоў чалавека ў Беларусі няма месца самазадаволенасці. Занадта шмат пытанняў, якія я адзначыла ў сваім дакладзе, па-ранейшаму прымушаюць прыцягваць Беларусь да адказнасці, занадта шмат ранейшых пытанняў, якія я паўтараю ў сваім дакладзе, ігнаруюцца занадта доўга, занадта шмат людзей па-ранейшаму пакутуюць ад таго, што ўрад не надае правам чалавека той важнасці, якую яны заслугоўваюць.

Спецдакладчык выказала шкадаванні, што ўлады Беларусі не прызнаюць яе мандат, але яна выказвае гатоўнасць да супрацоўніцтва з урадам, калі ён будзе гатовы да такога дыялогу.

У сваім слове прадстаўнік Беларусі пры ААН Юры Амбразевіч па-ранейшаму выказаў незадавальненні наяўнасцю краінавага спецмандату і падкрэсліў, што “з заклапочанымі членамі міжнароднай супольнасці мы абмяркоўваем іх заклапочанасці наўпрост”.

“Паўтараем, што мяркуем разгляд сітуацыі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі ў сценах ААН неадэкватным мэтам і задачам ААН і Савета ААН па правах чалавека ў прыватнасці. Падцвярджаем сваё прынцыповае непрыманне самаго інстытута краінавых рэзалюцый у Савеце ААН па правах чалавека і ААН у цэлым”, - сказаў напрыканцы свайго выступу Юры Амбразевіч.

Пасля гэтага па дзве хвіліны на выступы мелі прадстаўнікі міжнародных праваабрончых арганізацыі (Фонд дамой правоў чалавека, Amnesty International, Human Rights Watch) і іншых краінаў (Літвы, Швецыі, Швейцарыі, Чэхіі, Польшчы, Велікабрытаніі і інш.), якія дзякавалі спецдакладчыку за справаздачу, выказвалі свае меркаванні і заклапочанасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, задавалі пытанні. Усе яны выказаліся ў падтрымку працягнення мандата спецыяльнага дакладчыка па Беларусі.

Пасля гэтага афіцыйны прадстаўнік адмовіўся браць заключнае слова, а Анаіс Марэн адказала на ўдакладняючыя пытанні.

Юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Дзмітрый Чарных прысутнічаў на дыялогу пасля прэзентацыі даклада па Беларусі. Паводле яго словаў, усе краіны-сябры Савета па правах чалавека, былі добра інфармаваныя наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і задавалі канкрэтныя пытанні. Бачна, што праца праваабаронцаў не прайшла дарэмна.

"Свае пытанні па дакладзе задавалі прадстаўнікі Францыі, Польшчы, Славакіі, Велікабрытаніі. Было бачна, што яны добра інфармаваныя і выдатна разбіраюцца ў сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, цікавіліся перадвыбарчай сітуацыяй, пыталіся пра пераслед незалежных журналістаў і блогераў, у тым ліку тых, хто піша на экалагічную тэматыку. Некаторыя краіны віталі тое, што было прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода.

Таксама шмат казалі пра існаванне ў краіне смяротнага пакарання, у прыватнасці пра тое, што сваякам не выдаюць цела расстралянага і не паведамляюць месца пахавання. Віталі тое, што скасуецца крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, аднак асуджалі, што замест яе ўводзіцца адміністрацыйная".

Амаль усе краіны выказвалі шкадаванне, што Беларусь не прызнае мандат спецдакладчыка па правах чалавека, і заклікалі Беларусь змяніць гэтае стаўленне.

Галасаванне па рэзалюцыях, у тым ліку па пытанні працягнення мандата спецдакладчыка па Беларусі, адбудзецца 11 і 12 ліпеня. 

Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч нагадаў пра важнасць мандата спецдакладчыка па Беларусі і назваў прычыны, па якіх ён мусіць быць працягнуты.

Валянцін Стэфановіч.

“У той момант, калі Беларусь зноў заяўляе пра тое, што мандат спецдакладчыка па краіне не патрэбны, мы, праваабаронцы, зноў кажам, што такі мандат мусіць заставацца. Беларусь не ў поўнай меры супрацоўнічае з праваабарончымі механізмамі ААН ці супрацоўнічае выбарачна. Дзяржава не выконвае працэдуры КПЧ ААН, у тым ліку тэрміновыя працэдуры. Апошняе смяротнае пакаранне, якое было прыведзена ў выкананне, у чарговы раз гэта яскрава падкрэсліла. Індывідуальны зварот Аляксандра Жыльнікава быў зарэгістраваны ў КПЧ ААН і па ім былі распачаты тэрміновыя працэдуры, а значыць Беларусь не мусіла прыводзіць прысуд у выкананне да разгляду зварота.

Таксама краіна працягвае не выконваць меркаванні Камітэта, прынятыя па індывідуальных зваротах беларускіх грамадзян. Не імплементуюцца рэкамендацыі дагаварных органаў Арганізацыі аб’яднаных нацый. Напрыклад, па выніках апошняй справаздачы Беларусі Камітэт супраць катаванняў ААН вынес шэраг рэкамендацый. Урад Беларусі мусіў прадставіць прамежкавы даклад аб іх імплементацыі, аднак ён прадстаўлены не быў. І гэты шэраг можна працягваць.

І ў сувязі з тым, што ніякіх сістэмных зменаў у Беларусі ў бок паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека не адбылося і дзяржава не супрацоўнічае ў поўнай меры з дагаварнымі органамі ААН, няма нагоды не працягваць мандат спецдакладчыка".

Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што мандат павінен заставацца, асабліва ў кантэксце выбарчых кампаній, якія чакаюцца ў гэтым і наступным годзе. Бо, на жаль, няма ніякіх гарантый таго, што сітуацыя з правамі чалавека не пагоршыцца ў перыяд электаральных кампаній.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства