viasna on patreon

МУС адказала каталіцкім біскупам: Дадатковых аплатаў за рэлігійныя мерапрыемствы не будзе

2019 2019-05-21T14:18:22+0300 2019-05-21T14:18:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bud-fest.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пілігрымка ў Будслаў. Фота Catholic.by

Пілігрымка ў Будслаў. Фота Catholic.by

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымала адказ міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча адносна аплатаў за паслугі спецыяльных службаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, паведамляе сайт catholic.by.

Нагадаем, што 24 студзеня Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюць органы ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавых мерапрыемстваў». Яно распаўсюджваецца на тыя масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца не дзяржаўнымі органамі ўлады. Пастанова ўводзіць фіксаваныя тарыфы на аплату пералічаных паслуг. 

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася ў Савет міністраў з пытаннем, ці датычыцца гэтая пастанова таксама правядзення рэлігійных масавых мерапрыемстваў — працэсій, пілігрымак і іншых абрадаў і цырымоній з удзелам вернікаў.

У адказе з боку ўрада, падпісаным 15 траўня міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігарам Шуневічам, сказана, што дзеянне вышэйзгаданай пастановы не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы.

У лісце ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, прадастаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў улады.

На думку міністра, такім чынам заканадаўчымі актамі ў дастатковай ступені створаны ўмовы для арганізацыі і правядзення разнастайных рэлігійных мерапрыемстваў.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства