Human Rights Watch і CPJ просяць стварыць "гарачую лінію" для журналістаў падчас Еўрапейскіх гульняў у Мінску
Міжнародныя няўрадавыя арганізацыі Human Rights Watch і Камітэт абароны журналістаў (CPJ) звярнуліся ў міжнародную арганізацыю Еўрапейскія алімпійскія камітэты з просьбай стварыць падчас гульняў у Мінску "гарачую лінію" для скаргаў журналістаў і механізм разгляду такіх скаргаў.
Паводле інфармацыі прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", у сваёй заяве праваабаронцы звяртаюць увагу на дрэнную рэпутацыю беларускіх уладаў у плане свабоды медыя і выказвання меркавання. Яны нагадваюць пра ператрусы ў рэдакцыях медыя, затрыманні і судовы пераслед журналістаў, нядаўнюю «справу БелТА».
У сувязі з гэтым Human Rights Watch і Камітэт абароны журналістаў просяць стварыць на час гульняў у Менску "гарачую лінію" і механізм разгляду скаргаў журналістаў, чые правы могуць быць парушаныя.
Еўрапейскія алімпійскія камітэты (ЕОС) — гэта асацыяцыя з 50 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, якая праводзіць Еўрапейскія гульні. EOC і яго сябры з'яўляюцца часткай алімпійскага руху і кіруюцца алімпійскай хартыяй, якая ўключае гарантыі свабоды СМІ.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96