Антон: “Пасля таго, як мяне пасадзілі за прагулы ў турму, даўгі за ўтрыманне сына дзяржавай працягваюць расці"
Да праваабаронцаў “Вясны” патрапіў трывожны ліст з Магілёўскай турмы №4, у якой аўтар Антон Ш. адбывае тэрмін зняволення за прагулы на працы.
Жыхар Магілёва Антон у выніку жыццёвых абставінаў адзін выхоўваў свайго сына, выхоўваў як мог, вадзіў на спартовыя секцыі, выставы, але нешта ў жыцці пайшло не так… І ў выніку, згодна з Дэкрэтам прэзідэнта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у недабранадзейных сем'ях”, Антона пазбавілі бацькоўскіх правоў, адабралі дзіця, а яго, як абавязаную асобу, прымусілі йсці на завод, каб выплочваць сродкі на ўтрыманне падлетка.
“Я працаўладкаваўся на Магілёўскі завод “Строммашына” у ліцэйны цэх. З заробка ў мяне вылічвалі 70%, а тое, што заставалася – крошкі, якіх не хапае на аплату камуналкі і мінімальны набор харчавання на месяц. Гэта ніжэй бюджэта пражытачнага мінімуму, фактычна - рыса беднасці. А паспрабаваць недзе падзарабіць – немагчыма: такія спробы жорстка спыняюццца, мяне нават на суткі змяшчалі”, - піша Антон. - Працаваць жа дазваляюць толькі на дзяржпрадпрыемствах з аплатаю у 300 – 400 рублёў. Штогадовы адпачынак складае 7 календарных дзён, што парушае прынцып раўнапраўя і абмяжоўвае мае правы”.
Мірыцца з такім жабрацкім станам Антон Ш. доўга не мог і вырашыў выехаць на заробкі ў Расію, дзе працаваў з ліпеня 2017 да жніўня 2018 года. Высылаў сыну грошы, а па магчымасці, калі здараўся кароткі адпачынак, наведваў яго.
Аднак расійскі ваяж Антона быў расцэнены як прагулы на працы, была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 174 КК (ухіленне бацькоў ад пакрыцця расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якое выявілася ў няяўцы на працу ад 10 і больш дзён цягам 3 месяцаў). У выніку – 1 год пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
“Пасля таго, як мяне змясцілі ў калонію, мае даўгі перад дзяржавай за ўтрыманне сына працягваюць расці. Бо ў калоніі нічога не заробіш, і мая фінансавая кабала толькі павялічваецца", - паведамляе абавязаны бацька.
“Супрацьпраўны характар прымусовай працы абавязаных асоб ПЦ "Вясна" і Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) неаднаразова адзначалі ў сваіх дакладах, і нешта новае сказаць у гэтай частцы складана, - каментуе сітуацыю юрыст "Вясны" Павел Сапелка. - Хіба што параўнаць ступень абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы, якое нясе расходы па ўтрыманню дзяцей, і інтарэсаў прыватных асоб, якія выхоўваюць дзяцей i не атрымлiваюць своечасова аліменты на іх утрыманне... А вось досыць высокі памер сум, якія спаганяюцца на ўтрыманне дзяцей, становіцца перашкодай для рэсацыялізацыі абавязаных асоб. Гэтая сума, больш за 200 рублёў на адно дзіця, пры невысокіх зарплатах, асабліва - у рэгіёнах, становіцца непад'ёмным грузам для «абавязаных асобаў», назапашваецца ў выглядзе шматмільённых даўгоў і пазбаўляе даўжніка стымулу да працы і надзей на будучае”.
Пра дыскрымінацыю «абавязаных асобаў»