viasna on patreon

Светлагорск: Каб не дазволіць шэсце да дня Канстытуцыі – вырашылі на суткі перакрыць вуліцу

2019 2019-03-14T08:49:37+0300 2019-03-14T13:36:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smalianchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Экалагічныя актывісты са Светлагорску. Другі злева - Андрэй Смалянчук

Экалагічныя актывісты са Светлагорску. Другі злева - Андрэй Смалянчук

Экалагічныя праблемы ў Светлагорску істотна ўзмацніліся пасля будаўніцтва тут завода беленай цэлюлозы, які ад самага пачатку пусканаладачных работ моцна смуродзіў на ўсё наваколле. Неаднаразова ініцыятыўныя грамадзяне звярталіся ў вышэйстаячыя інстанцыі, сустракаліся і з міністрамі і кіраўнікамі профільных канцэрнаў, праводзілі мітынгі і зборы подпісаў...

Напярэдадні гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь актывісты Андрэй Смалянчук і Таццяна Наскова звярнуліся ў Светлагорскі райвыканкам за дазволам на правядзенне шэсця, каб нагадаць пра артыкул 46 Канстытуцыі, у якім дэкларуецца, што “Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права…”

Каб прыцягнуць увагу уладаў да праблемаў, якія стварае жыхарам Светлагорска і вёскі Якімава Слабада завод беленай цэлюлозы і спыніць выкіды таксічных хімічных рэчываў, сябры ініцыятыўнай групы вырашылі правесці шэсце ад Школы мастацтваў па вуліцы 50-год Кастрычніка да Цэнтральнай плошчы горада.

Згодна з Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусі” 1 сакавіка ў райвыканкам была пададзеная адпаведная заява і гарантаваная аплата паслугаў па ахове грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання  і прыборкі тэрыторыі. Адказ заяўнікі павінны былі атрымаць за 5 дзён да заяўленага мерапрыемства, аднак…

Ні Андрэй Смалянчук, ні Таццяна Наскова па стане на 14 сакавіка так і не дачакаліся ад раённай улады ні станоўчага, ні адмоўнага адказу.

А ў той жа час, нечакана, на сайце “Светлагорскіх навін” 13 сакавіка з’явілася паведамленне наступнага зместу:

“У сувязі з правядзеннем будаўніча-мантажных работ па аб'екце «Мадэрнізацыя ўчастка самацечнай каналізацыі» па вуліцы 50 год Кастрычніка з 19:00 14 сакавіка да 19:00 15 сакавіка будзе перакрыты рух аўтатранспарту са зменай руху грамадскага транспарту.”

 Скрынштот са старонкі

Раптоўна ўлады спахапіліся і вырашылі правесці па маршруце шэсця рамонтныя работы менавіта ў гэты час. А  паведаміць пра гэта заяўнікам масавага мерапрыемства своечасова, чамусьці забыліся, парушыўшы тым самым заканадаўства. Хаця, адказ будзе прадказальны - "няма магчымасці".

Толькі чаму тут дзівіцца, калі нават пікет, на адзіным дазволеным у Светлагорску месцы на стадыёне  “Папернік”, правесці аніяк не выпадае: ў заяўлены ў паведамляльным  парадку грамадзянамі час тут заўсёды праводзяцца спартовыя мерапрыемствы, пра якія часам ўвогуле мала хто ведае.

“Ну і чым гэта не хітра выбудаваная сістэма? – задаецца пытаннем праваабаронца Алена Маслюкова. – Права правесці масавае мерапрыемства ёсць, а скарыстацца ім нельга”.

Падобна, што рэалізваць сваё права на публічнае выказванне меркавання ў Светлагорску проста немагчыма. Нават нягледзячы на ўсе “ліберальныя” змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства