viasna on patreon

Паліенка просіць СК распачаць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў Заводскага РУУС

2019 2019-02-05T15:57:10+0300 2019-02-20T13:04:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palienka2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Паліенка. Фота ПЦ "Вясна"

Дзмітрый Паліенка. Фота ПЦ "Вясна"

Дзмітрый Паліенка накіраваў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта Заводскага раёна Мінска аб узбуджэнні крымінальнай справы па фактах жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў Заводскага РУУС падчас яго трохсуткавага затрымання па крымінальнай справе.

Што стала прычынай для заявы?

Па-першае, пры затрыманні Паліенкі, калі да яго дадому ўварваліся каля дзевяці супрацоўнікаў міліцыі, адзін з іх абяцаў справіць яму на твар натуральныя патрэбы, а другі - нецэнзурна абражаў. 

Па-другое, падчас транспарціроўкі з дома да ГАМ №2 на спецаўто Дзмітрыю загадалі ўстаць на калені і трымаць рукі за спіной. У такой нязручнай позе ён прастаяў каля гадзіны.

Па-трэцяе, у першую ноч пасля затрымання яго адмовіліся прымаць у ізалятар часовага ўтрымання, спаслаўшыся на адсутнасць інгалятара (Паліенка астматык). Таму затрыманага вярнулі ў Заводскае РУУС, дзе ён правёў ноч у карцэры, умовы якога былі значна горш. У ІЧУ яго адвезлі толькі раніцай, калі нарэшце знайшоўся інгалятар.

Па-чацвёртае, першы раз прыняць ежу ён змог толькі ўвечары 22 студзеня, гэта значыць амаль праз двое сутак з моманту затрымання. За ўвесь гэты час супрацоўнікі міліцыі ні разу не прапанавалі яму ежу.

І апошняй кропляй стала тое, што ён знайшоў у сябе дома, калі вярнуўся туды пасля вызвалення. Пасля праведзенага ў яго адсутнасць ператрусу ў пакоі была зламаная канапа, а на балконе пашкоджаны сцены. Таксама на дадзены момант невядома, куды пасля ператрусу зніклі грошы Паліенкі: ці яны былі канфіскаваныя, або проста зніклі.

Дзмітрый Паліенка мяркуе, што ўсе гэтыя факты наглядна паказваюць, што дзеянні супрацоўнікаў Заводскага РУУС - не што іншае, як жорсткае абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць.

І таму ён просіць Следчы камітэт распачаць крымінальную справу па фактах жорсткага і бесчалавечнага абыходжання і прыцягнуць супрацоўнікаў УУС Заводскага раёна да крымінальнай адказнасці.

Нагадаем, былы палітвязень Дзмітрый Паліенка, актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева былі затрыманыя 21 студзеня па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці) за нанясенне графіці. Падчас амаль трохсуткавага затрымання катаванні і жорсткае абыходжанне цярпелі і двое іншых падазраваных. Так, адразу пасля вызвалення Анастасія Гусева распавяла "Вясне" пра тое, як яе не жадалі пускаць у туалет, адмаўляліся даваць ёй ежу і аказваць медыцынскую дапамогу.


   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства