У Мінску затрыманы тры чалавекі за дзёрзкае графіці Дапоўнена

2019 2019-01-22T17:08:00+0300 2019-01-22T17:17:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anarhi-grafici.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Графіці на сцяне аднаго з гарадскіх будынкаў.

Графіці на сцяне аднаго з гарадскіх будынкаў.

У Мінску 21 студзеня былі затрыманыя некалькі актывістаў анархічнага руху. Вядома, што сярод затрыманых – Дзмітрый Паліенка і Яўген Чуліцкі. Узбуджана крымінальная справа за нанясенне графіці па арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці).


Арт. 341 КК: Апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства - караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або арыштам на тэрмін да 3 месяцаў.


Увесь учорашні дзень, як паведамляе ў сацыяльных сетках  Марына Касінерава,  затрыманыя правялі ў РУУС Заводскага раёна і Следчым камітэце. Толькі вечарам з’явілася інфармацыя, што  яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Прыкладна ў 10 гадзін раніцы на кватэры ў Яўгена Чуліцкага адбыўся ператрус, які праводзілі чатыры супрацоўнікі следчых органаў. Былі забраныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

Па папярэдняй інфармацыі, былога палітвязня Зміцера Паліенка з сябрамі вінавацяць, што яны нібы 22 снежня мінулага года нанеслі графіці "Менты забіваюць людзей" на сцяну аднаго з гарадскіх будынкаў на вуліцы Ахоцкай. 

Між тым, у Тэлеграм-канале Волна projekt. паведамляецца аб тым, што аднаму з анархістаў – Івану Комару ўдалося збегчы ад супрацоўнікаў міліцыі, якія чакалі яго каля дзвярэй пад’езда. Пакуль ягоны лёс невядомы.

22 студзеня бацька Яўгена Чуліцкага пацвердзіў, што яго сын знаходзіцца ў ІЧУ у статусе падазраванага па артыкуле 341 КК РБ. Ён чакае сустрэчы з адвакатам.

Пазней стала вядома, што і Дзмітрый Паліенка таксама знаходзіцца ў статусе падазраванага па гэтай справе. Затрыманы таксама трэці падазраваны (прозвішча пакуль невядома).  

У гэты ж дзень праваабаронцам стала вядома, што знікла сяброўка Дзмітрыя Паліенкі Наста Гусева. Яна са ўчорашняга дня не выходзіць на сувязь з сябрамі. Меркавана, яна таксама знаходзіцца ў ІЧУ і, адпаведна, з'яўляецца трэцяй падазраванай па справе. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства