Каля 200 праціўнікаў завода АКБ выйшла на плошчу ў Берасці
У Берасці 13 студзеня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года. Паводле дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.20 на плошчы знаходзілася каля 200 чалавек.
Як паведаміў БелаПАН актывіст Дзям’ян Лепясевіч, у канцы снежня атрыманы афіцыйны адказ Мінпрыроды, што 21 снежня дапрацаваны праект будаўніцтва завода, адкліканы раней праекціроўшчыкам з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, ізноў паступіў на экспертызу. Паводле яго слоў, пасля гэтага прадстаўнікі грамадскасці накіравалі ў ТАА „АйПаўэр” зварот з просьбай прадаставіць для азнаямлення гэтую праектную дакументацыю з унесенымі зменамі. На што быў атрыманы адказ, што яе пададуць пасля атрымання станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.
„У гэтым выпадку „АйПаўэр” парушыў закон аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, у адпаведнасці з якім распрацоўшчык праекта абавязаны прадастаўляць грамадзянам і юрыдычным асобам магчымасць азнаямлення з дакументацыяй, што накіроўваецца на дзяржаўную экалагічную экспертызу”, — заявіў Лепясевіч.
„Мы накіравалі адпаведныя звароты аб парушэннях у Мінпрыроды і пракуратуру, адказу пакуль не атрымалі”, — паведаміў ён.
Актывіст таксама заявіў, што прадстаўнікі грамадскасці апублікавалі яшчэ не ўсе выяўленыя ў праекце будаўніцтва парушэнні. „Паглядзім, як чыноўнікі чытаюць дакументы”, — адзначыў актывіст. Як і ў мінулую нядзелю, сёння на плошчу зноў прыехалі Дзед Мароз са Снягуркай. У ролі Дзеда Мароза выступіў актывіст Віталь Казак. Ён правёў віктарыну пра гісторыю Берасця сярод удзельнікаў сустрэчы. Навагоднія персанажы раздавалі дзецям цукеркі і фатаграфаваліся з імі.