"Выхадныя дні пры хатняй хіміі — горш турмы"
Лідэр незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч пасля ўступлення ў сілу прысуду вымушаны быў пакінуць пасаду старшыні незалежнага прафсаюзу РЭП, бо ў адпаведнасці з прысудам на працягу пяці гадоў ён не можа займаць кіруючыя пасады. Цяпер ён у прафсаюзе саветнік-кансультант. 4 студзеня 2019 года ў дачыненні да Генадзя Фядыніча Цэнтральны РАУС устанавіў рэжым "хатняй хіміі". Другога фігуранта "справы прафсаюза РЭП" Ігара Комліка азнаёмілі з умовамі адбыцця абмежавання волі яшчэ 19 снежня мінулага года.
Прафсаюзны сайт praca-by.info распытаў у лідэраў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка аб правілах "хатняй хіміі".
Экс-старшыня незалежнага прафсаюзу распавядае, што ў дачыненні да яго ўсталяваны даволі жорсткі рэжым, асабліва ў выходныя і святочныя дні — наогул забаронены выхад з кватэры. Штодня з 19 гадзін да 6 раніцы ён павінен знаходзіцца дома. У той час, як Ігара Комліка абавязалі знаходзіцца ва ўласнай кватэры штодня з 21 гадзіны.
На пытанне praca-by.info пра прычыны ўстанаўлення такога часу, Генадзь Фядыніч распавядае:
"Я задаваў такое пытанне ў міліцыі. Мне адказалі: з працы дадому дабярэцеся за гадзіну. Самае цікавае, што на наведванне крамаў, лячэбных установаў мне ўстанавілі графік па будніх днях — з 12 да 14 гадзін. А як мне працаваць? Які наймальнік мне будзе аплачваць мае хаджэння ў працоўны час? А калі мне выдадзены талончык на 17 гадзін?
Засталася толькі адна славутасць, якую можна наведаць па-за кватэры, — лесвічная пляцоўка. Нават выходзіць з пад'езда папаліць забаронена — гэта ўжо лічыцца не прыдамавой тэрыторыяй. Хоць пытанняў асабіста ў мяне больш, чым адказаў".
Чатыры разы на месяц, па серадах, прафсаюзны лідэр павінен хадзіць адзначацца ў міліцыю. Акрамя таго, у любы час сутак магчымыя праверкі адбыцця пакарання ўчастковым, прадстаўнікамі аховы, АМАПу.
"Пасля наведвання Цэнтральнага РАУС у мяне засталася маса пытанняў адносна ненармаванага працоўнага часу, камандзіровак; выезды на дачу, каб дапамога цешчы па гаспадарцы, нават не падлягаюць абмеркаванню. Нават у турмах зняволеных выводзяць на шпацыр, а выходныя дні пры хатняй хіміі — горш турмы", — дапаўняе прафсаюзны лідэр.
Акрамя таго, смутная сітуацыя і з камандзіроўкамі, якія па змаўчанні прадугледжваюць працоўныя абавязкі.
"Думаю, сітуацыю праясніць першая камандзіроўка. Пытанне аб камандзіроўках, з якіх немагчыма вярнуцца на працягу дня, нават не абмяркоўвалася: у міліцыі сказалі, што гэта нерэальна. Што тычыцца камандзіровак на працягу дня, то як сустракацца з людзьмі ў працоўны час? Мора пытанняў. Мы будзем аналізаваць і заканадаўства, і будзем рэгулярна даваць запыты з патрабаваннем пісьмовых адказаў — аргументаваных і абгрунтаваных. Толькі калі пачнеш працаваць у новых умовах, толькі тады напрацуецца пэўная практыка. Натуральна, мы як працавалі, так і будзем працаваць з замежнымі партнёрамі. Чакаем ад іх вестак, як яны збіраюцца ўдзельнічаць у Еўрапейскіх гульнях у Мінску".
praca-by.info пацікавіліся, ці могуць прыходзіць госці да Генадзя Фядыніча. Бо вельмі цікавая сітуацыя склалася з Ігарам Комлік. Ён пражывае ў адным доме з сынам: ён у кватэры 10, яго сын — у кватэры 40, дзе, дарэчы, прапісаны і Комлік. Сын можа наведваць бацькі, а вось Ігару Комлік забаронена прыходзіць у госці да сына.
Генадзь Фядыніч распавядае praca-by.info: "Госці могуць прыходзіць. Але застаецца адкрытым іншае пытанне: ў выпадку прыходу тых гасцей, якіх я не чакаю. Які дакумент яны павінны пакінуць пасля таго, як пераканаюцца, што я знаходжуся ў кватэры і выконваю рэжым? З маёй кватэры ў прахадны двор (калі захацелі, прыйшлі, паглядзелі, сышлі), таксама незаконна, я лічу, кожная праверка павінна пакінуць пасля сябе адпаведны дакумент (пратакол)".
Нагадаем, 9 лістапада Менскі гарадскі суд пад старшынствам Сяргея Хрыпача пакінуў у сіле прысуд па "справе прафсаюза РЭП". Суд прызнаў лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік вінаватымі ў парушэнні ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры) і пакараў кожнага да 4 гадоў "хатняй хіміі" з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 гадоў.
Чытаць таксама:
5 пытанняў па "справе прафсаюза РЭП", якія засталіся без адказу