Тэрмін пайшоў. Ігара Комліка азнаёмілі з правіламі адбыцця «хатняй хіміі»
19 снежня спецыяліст Упраўлення выканання пакаранняў Фрунзенскага раёна Мінска Бычкова азнаёміла фігуранта "справы прафсаюза РЭП" Ігара Комліка з умовамі адбыцця абмежавання волі.
Ігар Комлік абавязаны знаходзіцца ва ўласнай кватэры штодня з 21 гадзіны да 6-й раніцы. У любы час дня і ночы дахаты да асуджанага могуць наляцець: АМАП, участковы - любы упаўнаважаны прадстаўнік МУС. Калі раптам Комлік спіць, родныя абавязаны яго абудзіць і «прадставіць правяраючым».
Як піша praca-by.info, у святочныя і выхадныя дні Ігар Комлік абавязаны неадлучна знаходзіцца ў кватэры, за выключэннем экстранных выпадкаў; нельга адлучацца нават у краму альбо выгуляць сабаку каля дома. Хоць, згодна з правіламі адбывання пакарання, інспекцыя можа дазволіць асуджанаму знаходзіцца на «прыдамавой тэрыторыі», аднак гэта больш тычыцца жыхароў прыватных дамоў, па сцвярджэнні інспектара.
- Інспектар параіла назапасіцца прадуктамі на чатыры дні навагодніх святаў, - сказаў прафсаюзны актывіст.
Выезд за межы Мінска, скажам, на дачу, забаронены; інспекцыя можа дазволіць наведванне дачы пры добрых паводзінах, і толькі праз тры месяцы.
Ігар Комлік працуе прадстаўніком прафсаюза РЭП па Мінску і Мінскай вобласці, а значыць, працоўныя абавязкі прадугледжваюць службовыя камандзіроўкі як мінімум у межах Мінскай вобласці.
- Я сказаў, што мае працоўныя абавязкі прадугледжваюць камандзіроўкі па Мінскай вобласці, на што інспектар выказала пажаданне, каб у камандзіроўкі ездзіў хто-небудзь іншы. Але папярэдне я павінен папярэджваць інспекцыю і прадастаўляць адпаведныя дакументы. Камандзіроўкі магчымыя - калі інспекцыя дазволіць, - сказаў Ігар Комлік.
Асуджанаму забаронена наведваць фізкультурна-аздараўленчыя, масава-спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, дзе прадаюць спіртныя і слабаалкагольныя напоі; яму забаронена ўжываць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.
Гэтая забарона проста павесяліла Ігара Комліка:
- Дзякуй роднай дзяржаве, якае клапоціцца аб маім здароўі.
Ігар Комлік пражывае ў адным доме з сынам: ён у кватэры 10, яго сын - у кватэры 40, дзе, дарэчы, прапісаны і Комлік. Сын можа наведваць бацьку, а вось Ігару Комліку забаронена прыходзіць у госці да сына.
9 лістапада Менскі гарсуд пад старшынствам Сяргея Хрыпача пакінуў у сіле прысуд па Справе прафсаюзаў. Суд прызнаў лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінаватымі ў парушэнні ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры) і прыгаварыў кожнага да 4 гадоў «хатняй хіміі» з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 гадоў.