Праваабаронца Шуневічу: Аўдыёзапіс з міліцэйскага пастарунку – замах на бяспеку МУС?
На пачатку лістапада праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіраваў у Міністэрства ўнутраных спраў прапанову адмяніць ці ўнесці змены ў ведамасны нарматыўны акт, які абавязвае наведнікаў органаў МУС здаваць пры ўваходзе фота- аўдыё- і відэазапісваючыя прылады.
Безумоўна, такая забарона абмяжоўвае правы грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Алесь Дзергачоў адзначыў, што акт, які рэгулюе гэтую забарону, пярэчыць артыкулу 5 закона “Аб барацьбе з карупцыяй”, паводле якога адным з захадаў па барацьбе з ёй з’яўляецца забеспячэнне галоснасці ў дзейнасці дзяржаўных службовых асоб. Таксама ў сваёй прапанове праваабаронца спаслаўся на артыкул 16 закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, паводле якога інфармацыя пра дзейнасць дзяржаўных органаў адносіцца да агульнадаступнай, і на закон “Аб органах ўнутраных спраў”, які гарантуе, што дзейнасць міліцыі з’яўляецца галоснай і адкрытай для грамадзян у той меры, у якой не супярэчыць заканадаўству пра дзяржсакрэты і дзяржтаямніцы.
Да таго ж, Алесь Дзергачоў звярнуў увагу, што ў памяшканнях аддзелаў МУС праводзіцца разгляд спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. А Працэсуальна-выканаўчы кодэкс не забараняе грамадзянам весці аўдыязапіс разгляду такіх спраў. Аднак без адпаведных прылад, якія забіраюцца пры ўваходзе, зразумела, грамадзяне не маюць такой магчымасці.
Напрыканцы месяца праваабаронца атрымаў адказ ад МУС на сваю прапанову за подпісам міністра Ігара Шуневіча. З адказу вынікае, што прапанова адхілена. Пры гэтым міністр не абвяргае наяўнасць ведамаснага нарматыўнага акта, які забараняе грамадзянам праносіць у памяшканні МУС тэхніку. Але сваю пазіцыю абгрунтоўвае не ім, а іншымі законамі, якія ён “выварочвае” на карысць МУС.
У прыватнасці, такую забарону ён лічыць захадам па забеспячэнні ўласнай бяспекі органаў МУС, абароне дзяржаўных сакрэтаў і таямніц. Таксама ў тэксце адказу ўзгадваецца пункт 6 артыкула 6 закона “Аб зваротах грамадзян”. Згодна з ім пры правядзенні асабістага прыёму грамадзян па рашэнні кіраўніка арганізацыі, якая праводзіць прыём, падчас яго могуць прымяняцца тэхнічныя сродкі (аўдыё- і відэазапіс, кіна- і фотаздымка). Пра гэта грамадзянам павінны паведаміць да пачатку прыёму. Акрамя гэтага міністр адзначыў, што нязгодныя здаць тэхніку на ўваходзе могуць быць прыняты службовай асобай МУС у фае.
Што, па меркаванні Дзергачова, не так з адказам Шуневіча? Спасылку міністра на асобныя нормы заканадаўства праваабаронца лічыць некарэктнай. Напрыклад, вядзенне грамадзянінам на прыёме ў службовай асобы аўдыёзапісу размовы ніяк не стасуецца з замахам на ўласную бяспеку міліцыі. Пры такіх забаронах грамадства ніколі не пераможа карупцыю і некарэктныя паводзіны міліцыянтаў у адносінах да грамадзян. Відавочна таксама, што ў законе “Аб зваротах грамадзян”, на які спасылаецца МУС, маецца на ўвазе ініцыятывы самой службовай асобы выкарыстоўваць дадзеныя сродкі, а не грамадзяніна. А калі б гэта тычылася ініцыятывы грамадзяніна, то ў законе было б напісана пра магчымасць выкарыстання гэтых сродкаў падчас прыёму па хадайніцтве самога грамадзяніна.
Ну а прапанову міністра праводзіць асабісты прыём грамадзян, якія не хочуць здаваць тэхніку (напрыклад, мабільны тэлефон), у фае міліцэйскага пастарунку, Алесь Дзергачоў лічыць крокам назад ад цывілізацыі.
Смаргонскі праваабаронца мае намер абскардзіць адказ Ігара Шуневіча.
Паводле "Гарадзенскай Вясны"