“Дзелімся былым. Што было, як было... А як яшчэ будзе!”
„Лісты палітвязняў ад 1996 года да нашых дзён” – выстава пад такой назвай адкрылася ў Гародні. Яе падрыхтаваў Цэнтр даследвання грамадзянскай суполнасці Беларусі. Яна складаецца з 11-ці стэндаў, якія прадстаўляюць ліставанне, публікацыі, фотаздымкі і вытрымкі з паказанняў палітычных вязняў рэжыму Лукашэнкі.
"Лісты збіраліся паўгады і сабралася больш за паўтары тысячы. Справа ў тым, што палітвязні ў нас з’явіліся ў 1996 годзе. Ужо 22 гады, як існуюць людзі, якія за свае перакананні, за сваю дзейнасць знаходзяцца за кратамі", - паведаміла Беларускаму Радыё Рацыя яе стваральніца Паліна Сцепаненка.
На мерапрыемстве прысутнічалі былыя палітвязні: Павел Мажэйка, Анджэй Пачобут, Алесь Бяляцкі і Алесь Кіркевіч. Яны падзяліліся ўласнымі ўспамінамі. На імпрэзу прыйшло некалькі дзясяткаў гарадзенцаў.
“Дзелімся былым. Што было, як было... А як яшчэ будзе!” – выказаўся ў сваім фэйсбуку былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Экспазіцыя выставы ўключае ў сябе 11 стэндаў, на якіх размешчаныя лісты палітычных вязняў з-за кратаў, лісты ў падтрымку палітвязняў, а таксама матэрыялы бюллютэня Праваабарончага цэнтру “Вясна” – “Права на Волю”, а таксама архіўныя фотаздымкі.
Ліставанне праз краты ўтрымлівае факты, падзеі, эмоцыі, мары і пажаданні, нягледзчы на перашкоды турэмнай цэнзуры. З 1996 года, па звестках праваабарончых арганізацыяў, праз крымінальны пераслед за палітычныя перакананні ў Беларусі ў зняволенне трапілі больш за 200 чалавек.
Выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” падрыхтаваная “Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі”.