На журналістку “Новага Часу” склалі пратакол за асвятленне акцыі каля пасольства Расіі
Журналістку "Новага Часу" Дзіяну Серадзюк вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, акцыі побач з пасольствам Расіі ў Мінску, па арт. 23.34 КаАП (парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў), хоць яна выконвала свае прафесійныя абавязкі, паведамляе БАЖ.
У міліцыі мяркуюць, што Дзіяна "ўстанавіла папяровы караблік побач з агароджай пасольства", то бок удзельнічала ў акцыі.
З Цэнтральнага РАУС Мінска Дзіяне Серадзюк прыйшоў пратакол: міліцыянты палічылі, што Дзіяна не асвятляла акцыю па ўскладанні караблікаў да Расійскай амбасады ў якасці журналіста, а прымала ў ёй удзел.
І тым самым парушыла арт.10 Закона "Аб масавых мерапрыемствах у РБ", парадак правядзення пікетавання, што выявілася ў прыняцці яе ўдзелу ў пікетаванні у складзе групы грамадзян без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама з мэтай публічнага выказвання сваiх адносiнаў да затрымання Расіяй ўкраінскіх ваенных караблёў у Керчанскім праліве, падчас якога ўстанавіла да агароджы будынка амбасады Расіі папяровы караблік з выявай ўкраінскага сцяга.
Дзіяна падкрэсліла, што на акцыі яна прысутнічала як журналіст: здымала ўдзельнікаў акцыі, апытвала іх. Да таго ж акцыю здымаў на відэа супрацоўнік міліцыі, і ўсё, што адбывалася побач з пасольствам, мусіць быць зафіксавана.
У пратаколе, які даслалі па пошце, указана, што Дзіяна Серадзюк не з'явілася ў міліцыю для апытання. Хаця, паводле слоў журналісткі, ніхто яе і не выклікаў.
Нагадаем, 25 лістапада на журналіста “НЧ” Мікалая Дзядка завялі адміністрацыйную справу за пост у Facebook. На яго складзены пратакол па ч. 2 артыкула 17.11 КаАП за "дэманстрацыю нацысцкай сімволікі". Нагодаю стаў допіс у Facebook ў ліпені 2016 года — ілюстрацыя да паста, у якім Дзядок крытыкаваў людзей за тое што яны стаяць побач з нацыстамі.
Таксама супраць газеты “Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына пададзены чарговы судовы пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Леанід Зайдэс, адзін з уласнікаў сумнавядомага рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу “Поедем Поедим” (колішні «Бульбашъ-холл”), патрабуе спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 8 000 рублёў.