На «Новы час» зноў падалі ў суд
Раніцай 5 снежня рэдактарка газеты Аксана Колб атрымала смс з суда Савецкага раёна, паведамляецца на сайце "Новага часу".
У паведамленні сказана, што газета 17 снежня выклікаецца ў "суд у якасці адказчыка па іску Зайдэса Л.Л. па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды".
Сам іск накіраваны поштай. Рэдакцыя яго павінна атрымаць цягам пяці дзён.
«Будзем бараніць сябе і незалежную журналістыку наагул, мы перакананыя, што ў нас усё правільна. Думаю, што гонару і годнасці ў гэтага чалавека няма, калі пачаліся падзеі вакол рэстарацыі. Тым больш, што мы выйгралі суд паводле аналагічнага іску Ізраілевіча», — распавяла Свабодзе Аксана Колб.
Нагадаем, да гэтага бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч праз суд патрабаваў прыцягнуць да адказнасці газету “Новы час” і журналіста Дзяніса Івашына за нібыта знявагу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай для судовага разбіральніцтва стала журналісцкае расследаванне Дзяніса Івашына пра будаўніцтва пад Мінскам побач з Курапатамі скандальна вядомага рэстараннага комплекса “Поедем поедим”. 10 верасня Савецкі райсуд Мінска, разгледзеўшы справу, не задаволіў пазоў Ізраілевіча і прызначыў спагнаць з яго 600 рублёў на карысць газеты і журналіста.