Камітэт правоў чалавека ААН чакае, што за 4 гады Беларусь выканае 60 рэкамэндацый
У канцы кастрычніка Беларусь упершыню за 20 гадоў дала справаздачу ў Камітэце правоў чалавека ААН. Пазыцыя ўладаў: у нас ўсё добра з правамі чалавека. Камітэт ААН на справаздачу адрэагаваў рэкамэндацыямі. Іх 60. Што можна зрабіць, каб рэкамэндацыі не засталіся на паперы, у Гомелі 9 сьнежня абмеркавалі 20 беларускіх праваабаронцаў. Пра падзею паведамляе Радыё Свабода.
Альтэрнатыўная справаздача
Да сэсіі ў Жэнэве ў канцы кастрычніка беларускія праваабаронцы падрыхтавалі альтэрнатыўную справаздачу па правах чалавека. Камітэт правоў чалавека ААН выслухаў і ўладу, і яе апанэнтаў-праваабаронцаў. 60 рэкамэндацый міжнароднай структуры тычацца
барацьбы з дыскрымінацыяй і абароны правоў інвалідаў
крымінальнай адказнасьці за хатні гвалт
дыскрымінацыі цыганоў
дыскрымінацыі людзей паводле сэксуальнай арыентацыі
адсутнасьці прагрэсу ў пытаньні сьмяротнага пакараньня
жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі
свабоды слова, мірных сходаў, асацыяцый
абмежаваньне доступу ў інтэрнэт
Камітэт чакае адказ Беларусі на 60 рэкамэндацый праз чатыры гады, у 2020 годзе. Ці будуць беларускія ўлады рэагаваць на рэкамэндацыі — невядома.
Беларускія праваабаронцы сёньня ў Гомелі абмеркавалі рэкамэндацыі і вызначыліся — куды кінуць сілы, каб праз чатыры гады рэкамэндацый было прынамсі менш за 60.
Неразуменьне сутнасьці правоў чалавека
Алег Агееў назваў праблемай тое, што ў большасьці беларускіх чыноўнікаў адсутнічае элемэнтарнае разуменьне сутнасьці правоў чалавека:
«На сэсіі Камітэта ААН часам паводзіны нашых чыноўнікаў былі падобныя на тое, як паводзіць сябе вучань, калі ня ведае прадмет напоўніцу — з выклікам, кампэнсуючы гэтым часта неразуменьне сутнасьці пытаньня. Практычна прадстаўнікі ўсіх дзяржаўных органаў гэтым грашылі», — выказаўся праваабаронца.
Паводле яго, пазыцыя чыноўнікаў была такая: мы не адмаўляемся ад супрацоўніцтва з Камітэтам правоў чалавека ААН, але рабіць нічога ня будзем.
Як рухацца наперад
Што рабіць, каб чыноўнікі пачалі працаваць над праблемамі ў галіне правоў чалавека?
Тамара Сяргей раіць праваабарончай супольнасьці да наступнай справаздачы зрабіць усё, каб наша дзяржава выступіла зноў, і прадставіла справаздачу:
«Наша задача — зрабіць такім чынам, каб нашы чыноўнікі ў Камітэце ААН выступалі годна. Бо гэта наша краіна, наша дзяржава. Мы разам нясём за яе адказнасьць».
Праваабаронца раіць больш кантактаваць з чыноўнікамі, дэпутатамі, хадзіць на асабістыя прыёмы, даводзіць сваю пазыцыю. «Мы павінны навучыцца размаўляць з чыноўнікамі. Там шмат адэкватных людзей», — упэўнена Тамара Сяргей.
Сьмяротнае пакараньне
Андрэй Стрыжак выказаўся, што у праблеме крымінальнай адказнасьці за гвалтоўныя зьнікненьні дзяржава магла б прадэманстраваць прагрэс да наступнай справаздачы. Як і ў праблеме сьмяротнага пакараньня:
«Але тут патрэбная палітычная воля. Гэта асабістая пазыцыя кіраўніка дзяржавы — ня ўводзіць забарону на сьмяротнае пакараньне», — дадаў праваабаронца.
Мірныя сходы
Натальля Сацункевіч не пакідае надзею, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зьвернуць увагу на альтэрнатыўны закон аб масавых сходах, які падрыхтавалі праваабаронцы з дапамогай міжнародных экспэртаў. Цяперашні закон як мінімум на 30% не адпавядае міжнародным стандартам.
Пастановы нарады
Вынік сходу падвёў кіраўнік гомельскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэй Стрыжак. Праваабарончая супольнасьць вырашыла сканцэнтравацца на:
прасоўваньні альтэрнатыўнага закону аб масавых сходах праз адвакацыйную кампанію
пасьлядоўнай працы для адмены сьмяротнага пакараньня. Першым крокам можа стаць часовая мера абароны асуджанага. Калі абвінавачаны падае скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, а дзяржава яго расстрэльвае, не чакаючы рашэньня.
уключэньне ў працу па выкананьні дзяржавай Нацыянальнага пляну правоў чалавека. Першы крок — зьвярнуцца ў Савет міністраў, каб яны ўнесьлі зьмены ў міжведамасны плян і ўключылі туды 60 рэкамэндацый Камітэту ААН. Гэта дазволіць «узаконіць» на нацыянальным узроўні рэкамэндацыі ААН.