Павел Сапелка пра «БезПраваНаРасправу»
"Радыё Свабода" распытала ў праваабаронцы пра кампанію «БезПраваНаРасправу», яе сутнасць і мэты.
Праваабаронцы «Вясны» змясцілі на сайце аповед студэнткі гарадзенскага ўнівэрсытэту Варвары, якая кажа пра здзекі і пагрозы ў міліцыі Гародні. Здарылася гэта з Варварай і яе сябрамі ў верасні 2018 году, але гісторыя яшчэ далёка не скончылася, дзяўчына мае намер скардзіцца ў пракуратуру. Між тым праваабаронцы, не чакаючы вынікаў праверкі, ужо змясцілі гэты аповед у раздзел пад хэштэгам #БезПраваНаРасправу, дзе збіраюцца гісторыі меркаваных ахвяр міліцэйскага гвалту і парушэння правоў чалавека праваахоўнікамі. Пра што распавядае Варвара з Горадні?
Што стала бачна ў святле пажару
Усё пачалося вечарам 1 верасня. Варвара з сябрам выбраліся для адпачынку ў лесапаласу пад горадам — там дамовілася сустрэцца кампанія моладзі. Узялі з сабой намёт, спальнікі, ежу. Спіртнога не бралі, забароненых рэчываў таксама. Гэты факт потым спрацуе супроць маладых людзей, але тады — хто ж ведаў?
Дзяўчына з хлопцам толькі пад’яжджалі да месца збору, як за лесам убачылі водбліскі агню. Калі знайшлі сваіх сяброў, разам вырашылі, што гэта гарыць лес і трэба хутчэй паведаміць у МНС.
«Пазванілі і самі пайшлі да дарогі, каб сустракаць аўтамабілі. Першым прыехаў міліцэйскі патруль, распыталі нас пра пажар, перапісалі дадзеныя хлопца, які званіў у МНС. Потым мы чакалі пажарных машын, паказвалі дарогу, потым зьехалі зь лесу да таго хлопца, які паведаміў пра пажар. І вось пад раніцу да ягонага дому прыехаў міліцэйскі аўтамабіль, нас усіх забралі і павезлі ў РАУС на размову. Сказалі, што на 15 хвілін, а аказалася — на 11 гадзін», — кажа Варвара.
Далейшы расповед дзяўчыны пра тое, што адбывалася ў Ленінскім РАУС Горадні — гэта апісанне пагроз, здзекаў і парушэння яе грамадзянскіх правоў.
Паводле Варвары, міліцыянт, які яе дапытваў, не назваўся, ёй пагражалі адлічэньнем з унівэрсытэту і адміністрацыйным арыштам, прымушалі прызнацца, што гэта яны падпалілі экскаватар, цікавіліся асабістым жыцьцём, грубілі, брыдкасловілі і нават здзекаваліся з яе знешняга выгляду. Тое, што кампанія не мела з сабой алкаголю, міліцыянты палічылі вельмі падазроным. Распытвалі пра крыніцы даходу, пра інтарэсы, пагражалі і зневажалі.
Падобнае абыходжанне зазналі і іншыя чальцы кампаніі, мяркуе Варвара. «Падняцца, тварам да сцяны, маўчаць!» — такія загады сябрам, паводле дзяўчыны, гучалі ў калідоры райаддзелу міліцыі. Пры гэтым ім не казалі, у якім яны статусе — затрыманых ці сведак, не давалі карыстацца мабільнымі тэлефонамі, каб паведаміць пра сябе сваякам і праваабаронцам.
Толькі ў канцы дня Варвару і яе сяброў вызвалілі. Але перад гэтым двое з іх — грамадзянін Расеі і грамадзянка Ўкраіны — мусілі прайсці допыт на паліграфе.
Павал Сапелка: «Правяраць — любімы занятак праваахоўнікаў»
Варвара мае намер скардзіцца на міліцыянтаў з Ленінскага РАУС Горадні ў пракуратуру. Скаргу ёй дапамагаў рыхтаваць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», былы адвакат Павал Сапелка. Праз ягоныя рукі прайшлі ўжо пяць падобных гісторый, змешчаных на сайце «Вясны» пад хэштэгам #БезПраваНаРасправу. Чым скончыцца гэтая, прадказаць праваабаронца не бярэцца — бо, на ягоную думку, у краіне няма адпрацаванага прававога мэханізму барацьбы з катаваннямі ў месцах утрымання і зняволення.
А ці разглядаюцца скаргі ўвогуле? Свабода пацікавілася ў Паўла Сапелкі, наколькі эфэктыўна скардзіцца на незаконныя дзеянні праваахоўнікаў. Ці рэагуюць праваахоўныя ўстановы на скаргі грамадзян і на сыгналы праваабаронцаў пра такія факты? Што варта змяніць, каб правы затрыманых грамадзян не парушаліся?
Рэзананс — сутнасць кампаніі «БезПраваНаРасправу»
Павал Сапелка кажа, што на ўсе 5 гісторый кампаніі «БезПраваНаРасправу» ёсьць рэагаванне праваахоўнікаў. Але падставай для праверак рабіліся скаргі пацярпелых грамадзян, а не ўласная ініцыятыва праваахоўнікаў, дадае праваабаронца. Гэтак, паводле Паўла Сапелкі, цяпер Следчы камітэт мусіць разбірацца са скаргай менчука Качановіча, якому ў міліцыі пасля затрымання зламалі нос.
Праўда, вынікам могуць быць бясконцыя праверкі — і толькі, не выключае праваабаронца.
«Праверкі — гэта любімая справа нашых праваахоўнікаў. У іх ведамасная салідарнасць — што паказала справа мядзельскіх следчых, якія пакрывалі злачынства свайго калегі і мелі гэта за гонар. Але здараецца і такое, што пракуратура адмяняе пастановы аб незавядзенні спраў на тых, хто парушае правы грамадзянаў», — сказаў Павал Сапелка і прывёў у прыклад справу кіроўцы са Смаргоні Змітровіча, які стаў ахвярай міліцэйскага гвалту.
Паводле звестак праваабаронцы, нядаўна суд прызнаў незаконным штраф, накладзены на Змітровіча, а пракуратура адмяніла пастанову, паводле якой была спынена крымінальная справа міліцыянтаў, якія яго збілі. Цяпер прызначана новая праверка.
«Вельмі важна стварыць такім справам гучны рэзананс, на што і накіраваная наша кампанія "БезПраваНаРасправу". Памятаеце справу Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА на Валадарскага? Хто думаў спачатку, што ўсё ж дойдзе да суду і пакарання вінаватага? Але дайшло», — кажа Павал Сапелка.
Другі важны складнік грамадcкай кампаніі «БезПраваНаРасправу», паводле праваабаронцы, — інфармаваць грамадзянаў пра іхнія правы і пра тое, як сябе паводзіць падчас затрымання.
«У сытуацыі, у якой аказаліся студэнтка Варвара з Горадні і яе сябры, можа апынуцца кожны з нас. Таму наша задача — даць падрабязныя інструкцыі, што рабіць, чаго не рабіць і як далей змагацца за свае правы», — кажа Павал Сапелка.
Прадстаўніца пракуратуры: «Усе сыгналы будуць правераныя»
Атрымаць камэнтар наконт гісторыі Варвары ў прэсавай службе МУС не ўдалося — тэлефоны не адказвалі.
У пракуратуры Беларусі прэсавы сакратар Анжэла Курчак сказала карэспандэнту Свабоды, што звесткі мэдыя пра пэўныя парушэнні правоў грамадзянаў з боку праваахоўнікаў абавязкова вывучаюцца і на іх ідзе рэагаванне. Паводле супрацоўніцы пракуратуры, гэтае правіла распаўсюджваецца і на інфармацыю праваабаронцаў. «Усе сыгналы будуць правераныя», — сказала Анжэла Курчак.
Павал Сапелка з «Вясны» нагадаў, што ў 2018 годзе ўрад Беларусі рабіў справаздачу перад Камітэтам ААН супроць катаванняў. Праваабаронца мяркуе, што расслабляцца ўраду ня варта:
«Усё наперадзе. У траўні будучага году ўрад будзе распавядаць пра тыя захады, якія зробленыя ў сувязі з выказанымі пасля справаздачы рэкамэндацыямі ААН. Аднак рабіць новую справаздачу будзе не толькі ўрад, але і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. І, мяркую, праваабаронцы грунтоўна нагадаюць сябрам Камітэту ААН пра сытуацыю з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем у Беларусі».