Затрыманых за акцыю каля помніка гарадавому аштрафавалі Дапоўнена
У нядзелю днём група маладых людзей на чале з анархістам Вячаславам Касінеравым усклала да скульптуры гарадавога, што насупраць будынка МУС, пахавальны вянок з надпісам «Імiджу МУС».
Як піша “Наша ніва”, потым да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і заявілі аб парушэнні закона. З-за гэтага маладых людзей затрымалі і даставілі ў Маскоўскае РУУС Мінска.
Пазьней Дзмітрый Паліенка паведаміў праз сацыяльныя сеткі падрабязнасці затрымання:
"Каля скульптуры гарадавога былі затрыманыя Вячаслаў Касінераў, Сяргей Спарыш, Марына Насенка, Нейдах Сяргей, а таксама анархісты з Расіі - Наталля і яе сябар Ігар Мартынаў.
Вячаслаў з Сяргеем ускладалі вянок да скульптуры гарадавога, з надпісам "Іміджу МУС" - тым самым даючы зразумець, на колькі карная сістэма ўпала ў вачах ўсяго беларускага грамадства.
Марына Насенка вяла прамую трансляцыю з месца, і каментавала сутнасць ускладання вянка..."
Па стане на 20-55 паступіла інфармацыя, што хлопцы ўжо на ЦІПе сядзяць да суда.
Чакаецца, што 3 снежня адбудуцца суды над затрыманымі. Па якім артыкуле іх абвінавачваюць - пакуль невядома.
Еўрарадыё паведамляе, што першым пачаўся суд над Касінеравым і Спарышом. Падтрымаць іх прыйшлі паплечнікі з анархісцкага руху. Касінераў — анархіст, Спарыш — актывіст аргкамітэта сацыял-дэмакратычнай партыі, які ўзначальвае Мікалай Статкевіч.
Дзе знаходзяцца астатнія затрыманыя, невядома. Спарыш і Касінераў кажуць, быццам тыя па-ранейшаму засталіся ў Маскоўскім РУУСе.
Калі суддзя Таццяна Мотыль зайшла, падсудныя сталі крычаць, каб ніхто не ўставаў. Спарыша вывелі з залы за непадпарадкаванне суду.
Вячаслаў Касінераў паведаміў, што пратаколу затрымання не бачыў і да суда не ведаў, па якім артыкуле яго абвінавачваюць. Актывіст выказаў жаданне азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму суддзя абвясціла перапынак.
Пасля перапынку Касінераў сказаў, што не прызнае віну, а ў матэрыялах справы “напісана нейкая хлусня”. Касінераў кажа, што не дакранаўся да статуі, якую лічыць “гістарычнай тупасцю”, а проста паставіў пахавальны вянок. Менавіта праз гэта ён не лічыць сябе вінаватым.
Суддзя зачытала матэрыялы справы: пратакол на Сяргея Спарыша быў складзены за тое, што ён усклаў вянок з надпісам «Іміджу МУС» да скульптуры гарадавога, чым парушыў грамадзкі парадак. Такі самы пратакол быў складзены і на Вячаслава Касінерава.
Вячаслаў Касінераў не аспрэчвае, што менавіта ён ускладаў вянок, таму суддзя прапанавала не апытваць сведку, абвінавачаны пагадзіўся. У судзе абвешчаны перапынак: суддзя сышла з залы, каб прыняць рашэнне.
Касінерава і Спарыша аштрафавалі на 735 рублёў (30 базавых велічыняў) кожнага па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).