Туалет без дзвярэй і наглядчыкі-мужчыны - не дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын?
У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў Алены Дубовік і Марыны Дубінай на рашэнне суда Цэнтральнага раёна г. Мінска, які не прызнаў бяздзейнасць Міністэрства ўнутраных спраў па фактах дыскрымінацыі ў дачыненні да актывістак пры ўтрыманні іх пад адміністрацыйным арыштам у ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама і ІЧУ г . Жодзіна ў сакавіку 2017 года.
Скаргі разглядала судовая калегія ў складзе Алены Муранцовай, Вольгі Рамашэўскай і Марыны Казловай. Прадстаўнік адказчыка ў суд не з'явіўся.
Першапачаткова ў сваіх скаргах у МУС Алёна Дубовік і Марына Дубіна паказвалі, што ў камерах ЦІП і ІЧУ ўмовы былі зневажальнымі ў адносінах да арыштаваных асобаў і, у прыватнасці, да жанчын. Так, у камеры ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама актывісткі не маглі схавацца ад пастаянна уключаных відэакамер, нават пры выкарыстанні туалета або гігіенічных працэдурах. У камеры ІЧУ Жодзінскага ГАУС туалет наогул ніяк не быў абгароджаны, а гарачая вада адсутнічала. Усе гэтыя акалічнасці давалі магчымасць супрацоўнікам-мужчынам і ў ІЧУ, і ў ЦІП назіраць за адміністрацыйна арыштаванымі жанчынамі нават у самыя прыватныя моманты. Акрамя таго, у ІЧУ наогул не было заўважана супрацоўніц-жанчын.
Актывісткі прасілі МУС прызнаць дыскрымінацыйнымі ўмовы ўтрымання ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама і ў ІЧУ Жодзінскага ГАУС, а таксама прыняць меры па ліквідацыі неналежнага абыходжання з асобамі, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, у тым ліку па недапушчэнні назірання супрацоўнікамі-мужчынамі за жанчынамі, якія знаходзяцца ў ЦІП і ІЧУ.
МУС жа «парушэнняў заканадаўства, якое рэгламентуе парадак утрымання адміністрацыйна арыштаваных у ІЧУ (ЦІП) і іх матэрыяльна-бытавога забеспячэння» не ўстанавіла.
Тады Марына Дубіна і Алёна Дубовік з дапамогай адвакаткі Таццяны Лішанковай накіравалі скаргі ў суд. Аднак суд Цэнтральнага раёна беспадстаўна прыйшоў да высновы аб тым, што МУС даў абгрунтаваны адказ на скаргу актывістак, не ўлічваючы тую акалічнасць, што МУС адказаў на скаргу фармальна і не разгледзеў асобныя пытанні, якія былі выкладзеныя.
Ужо ў Мінскім гарадскім судзе адна з актывістак Марына Дубіна заявіла хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі праведзенай па яе скарзе МУС праверкі. І хаця суд запатрабаваў матэрыялы праверкі і вывучыў іх, хадайніцтва заяўніцы было адхілена, бо такія матэрыялы пазначаныя грыфам «для службовага карыстання».
«З матывіровачнай часткі рашэння суда вынікае, што ён разглядаў пытанне аб парушэнні або адсутнасці парушэнняў заканадаўства аб звароце грамадзянаў з боку МУС. Аднак у сваёй скарзе ў суд Цэнтральнага раёна я заяўляла не пра парушэнне заканадаўства аб звароце грамадзянаў, а аб адмове МУС прызнаць наяўнасць дыскрымінацыі пры змяшчэнні мяне ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама і ІЧУ Жодзінскага ГАУС», - падкрэсліла ў сваім выступе ў Мінгарсудзе Марына Дубіна.
Актывістка падтрымала сваю скаргу ў поўным аб'ёме, аднак адзначыла, што з прычыны немагчымасці вывучэння матэрыялаў праверкі МУС дзяўчына не змагла падрыхтаваць скаргу з улікам тых звестак, якія ў іх змяшчаюцца.
Асобна Марына Дубіна звярнула ўвагу на тое, што ў 2016 годзе Беларусь прадставіла восьмы перыядычны даклад у Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, па выніках якога краіне-удзельніцы былі дадзены выразныя рэкамендацыі ў тым ліку і ў пытанні паляпшэння ўмоваў утрымання жанчын пад вартай і мер пакарання для жанчын-правапарушальніц, не звязаных з пазбаўленнем волі (Бангкокскія правілы). Так, асобным пунктам рэкамендуецца, каб супрацоўнікі-мужчыны ў месцах утрымання пад вартай праходзілі абавязковую падрыхтоўку па пытаннях правоў жанчын і ўліку гендэрных фактараў, каб колькасць супрацоўнікаў-жанчын было павялічаная. Аднак да гэтага часу Беларуссю не зроблена якіх-небудзь дзеянняў або намаганняў, каб змяніць сітуацыю.
Актывістка прасіла Мінгарсуд адмяніць рашэнне суда Цэнтральнага раёна г.Мінска, прыняць новае рашэнне па сутнасці заяўленых патрабаванняў, прызнаўшы бяздзейнасць МУС незаконным і парушаючым яе права, у тым ліку права не падвяргацца дыскрымінацыі па прыкмеце полу.
Судзейская калегія, у сваю чаргу, не прыслухалася да довадаў заяўніцы, і пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а рашэнне суда Цэнтральнага раёна г. Мінска - без зменаў.
«Я была б вельмі здзіўленая, калі б суд прыняў іншае рашэнне», - сказала пасля пасяджэння Марына Дубіна.
Яна плануе далей абскарджваць вызначэнне на нацыянальным узроўні, і пры неабходнасці звярнуцца ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.
Нагадаем, 15 сакавіка 2017 года да і пасля санкцыянаванага мітынгу "Марш нетунеядцев" было затрымана больш за 50 чалавек. На наступны дзень адбыліся судовыя паседжанні, на якіх затрыманых вінавацілі ў "парушэнні правілаў удзелу ў масавым мерапрыемстве" (арт. 23.34 КаАП) і "непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі" (арт. 23.4 КаАП) і арыштоўвалі на тэрмін ад 3 да 15 сутак. Тады Марына Дубіна была асуджаная на 14 сутак арышту, а Алёна Дубовік - на 12 сутак.
Чытайце таксама: «А ў турме зараз вячэра ...», або Што неабходна ведаць арыштанту пра свае правы на сутках