Віцебск: праблема дыскрымінацыі пад слоганам «Розныя – роўныя»
Пад слоганам «Розныя – роўныя» з 9 па 16 лістапада ў Беларусі праходзіў тыдзень мерапрыемстваў супраць расізму і антысэмітызму. У Віцебску ў межах гэтай кампаніі 11 лістапада прайшла Жывая бібліятэка.
Як паведамляе сайт “Віцебская Вясна”, ініцыятарамі і арганізатарамі асветніцкага тыдня выступілі праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», цэнтр разьвіцця эфэктыўнай камунікацыі «Жывая бібліятэка Беларусь», а таксама валанцёрская служба ПЦ «Вясна», МГА «Гендэрныя пэрспэктывы», праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць», Задзіночанне беларускіх студэнтаў (Belarusian Students' Association), РПГА «Прававая ініцыятыва», асветніцка-адукацыйная ініцыятыва «Праўныя дарэктары», Цэнтар беларускай мовы ў Гомелі, Кінаклуб 451F, ініцыятыва «Legalize Belarus», праект пра гендар і сэксуальнасць «Makeout», сетка моладзевых ініцыятываў «Y-PEER Belarus».
Асноўная мэта мерапрыемстваў тыдня – паказаць людзям, што дыскрымінацыя з'яўляецца часткай нашага паўсядзённага жыцця, і з ёй можа сутыкнуцца кожны з нас незалежна ад полу, сацыяльнага статусу ці нацыянальнасці, бо кожная з гэтых прыкмет можа стаць прычынай уціску, знявагі, кпінаў і здзекаў.
Фармат Жывой бібліятэкі: сустрэча «кніг» – людзей, якія маюць тую ці іншую ідэнтычнасць або погляды на жыццё, і «чытачоў» – удзельнікаў імпрэзы.
Пачуць жыцьцёвыя гісторыі 11 герояў-кнігаў на віцебскую сустрэчу прыйшло каля 50-ці маладзёнаў, у асноўным старшаклясьнікі. Яны змаглі даведацца, зь якімі праблемамі сутыкаюцца людзі з розных сацыяльных груп.
Перш чым вызначыцца з тым, якую кнігу паслухаць, чытач мог азнаёміцца з кароткай інфармацыяй пра кожнага з герояў.
Так, у анатацыі да кнігі «Вася, трансгендэр» пазначалася: «Гэтая кніга распавядзе пра тое, як жыць з поўным неразуменнем з боку маці, пра «бяспраўнае» падлеткавае жыццё, складанасці знаходжання ў грамадзтве, як прыняць несправядлівасць, знаходзіць у ёй плюсы, і наколькі важныя сапраўдныя сябры, калі ўсе вакол, здаецца, супраць цябе». У даведцы пра 22-гадовую бісэксуалку Вікторыю паведамлялася, што яна «ня раз сутыкалася са стэрэатыпамі кшталту «лесбіянкі і бісэксуалкі нежаноцкія», «гэта да першага добрага мужчыны», «гэта няправільна і ненатуральна». Ціск з боку грамадзтва выклікаў у Вікторыі жаданне адгарадзіцца ад думкі асяроддзя. Яна марыць, што прадстаўнікі ЛГБТ «выйдуць з ценю», змогуць адкрыта выяўляць свае пачуцці, і гэта ня будуць зневажаць».
Найбольшую цікавасць у чытачоў выклікаў герой, якога цяжка залічыць да катэгорыі дыскрымінаваных грамадзян – прэзыдэнт байкерскага клюбу Ілля. Ахвотных было так шмат, што запіс на яго быў спынены, і ня ўсім удалося яго паслухаць.
Расказаныя гісторыі павінны паспрыяць павышэнню папулярнасці ў краіне ідэяў цярпімасці, талерантнасці і роўнасці.