viasna on patreon

Полацк: У Свабоднага прафсаюзу адбіраюць офіс

2018 2018-11-14T12:01:56+0300 2018-11-14T12:04:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polacak-prafsajuz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дзверы офіса Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) 9 лістапада працадаўца ААТ «Полацак-Шкловалакно» павесіў свой замок. Доступ рабочых заводу да дакументаў і абсталявання прафсаюзу цяпер перакрыты. Усе прапановы прафсаюзу аб працягванні дамовы арэнды офіса адміністрацыя заводу адхіляе. Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна".

Яшчэ 24 жніўня галоўны інжынэр ААТ «Полацк-Шкловалакно», першы намеснік дырэктара Раман Блізнёў апавясціў Свабодны прафсаюз Беларускі пра намер прадпрыемства не падаўжаць дамову і запатрабаваў вярнуць маёмасць заводу ў дзень заканчэння тэрміну дамовы, 31 кастрычніка.

Спадар Блізнёў прыгразіў прафсаюзу судом/ 

«Звяртаем Вашу ўвагу, што ў выпадку невяртання арандаванай маёмасці ў вызначаны тэрмін ААТ «ПШВ» пакідае за сабой права на судовую абарону сваіх правоў», – сказана ў падпісаным ім лісце.

У верасні Свабодны прафсаюз працоўных заводу «Шкловалакно» звярнуўся да дырэктара Андрэя Бунакова з прапановай аб працягненні дамовы наконт арэнды памяшкання пад прафсаюзны офіс і правядзенні перамоваў. Але завод ня стаў ані працягваць арэнду, ані весці перамовы з рабочымі.

МЕРКАВАННЕ БАКОЎ

У кастрычніку СПБ яшчэ раз прапанаваў адміністрацыі прадпрыемства заключыць дамову арэнды іншага, пустога памяшкання. І зноў атрымаў адмову. Раман Блізнёў паведаміў, што ААТ «ПШВ» «лічыць немэтазгодным здачу ў арэнду названага памяшкання СПБ у сувязі з неаднаразовымі парушэннямі умоваў раней заключаных дамоваў, а таксама ў сувязі з прынятым ААТ «ПШВ» рашэннем аб адчужэнні будынка».

Старшыня СПБ Мікола Шарах

«Прафсаюз ня мае запазычанасці па аплаце арэнды памяшкання, і адмова дырэктара Бунакова ў арэндзе памяшкання для прафсаюзу – гэта відавочная перашкода дзейнасці арганізацыі працоўных. Рабочым заводу перакрылі доступ да патрэбных дакумэнтаў і абсталявання прафсаюзу. Мяркуем, такім спосабам істотна парушаюцца правы працоўных на аб'яднаньне ў прафсаюз і дзейнасьць арганізацыі. На жаль, дзяржаўныя органы, пакліканыя народам абараняць правы працоўных, ніяк не рэагуюць на скаргі прафсаюзу. Думаю, толькі масавы выхад рабочых на пратэставыя акцыі можа спыніць бязмежжа, што здзяйсняецца чыноўнікамі ўсіх дзяржаўных узроўняў».

 НЕКАЛЬКІ ФАКТАЎ ПРА ЗАВОД

Завод ААТ «Полацак-Шкловалакно» знаходзіцца на ўскраіне гораду Полацку пры выезьдзе на Вільню. На заводзе працуе каля 4000 работнікаў, суадносіны мужчын і жанчын: 50 на 50. На заводзе дзейнічае дзьве пяршоўкі розных прафсаюзаў – старога, савецкага тыпу Белхімпрафсаюзу (БХП) і новастворанага рабочымі ў 1999 годзе Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ).

У СПБ на ўліку стаяць 369 работнікаў, частка зь якіх ужо не працуе на заводзе (звольніліся, выйшлі на пэнсію і г.д.). Адміністрацыя заводу пад пагрозай звальненьня забараніла рабочым пералічваць прафсаюзныя ўнёскі праз бухгалтэрыю прадпрыемства. Старшыню СПБ не пускаюць на тэрыторыю прадпрыемства да працоўных месцаў сяброў прафсаюзу.

Усе рабочыя працуюць на часовых працоўных кантрактах, што спараджае няўпэўненасьць супрацоўнікаў у заўтрашнім дні.

На заводзе выкарыстоўваецца прымусовая праца ў выглядзе суботнікаў – неаплатная праца.

Каля 90% прадукцыі ідзе на экспарт у больш як 50 краін свету.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства