Праваабаронцу затрымлівалі па “ўнутранаму перакананню” інспектара ДАІ
Суд Барысаўскага раёна спыніў вытворчасць па скарзе барысаўскага праваабаронцы Алега Мацкевіча на дзеянні мясцовай міліцыі.
Пасля свайго затрымання ў Барысаве на Дзень Волі 25 сакавіка 2018 г. Алег Мацкевіч абскардзіў дзеянні міліцыі і, нарэшце, звярнуўся ў суд. У скарзе ён прасіў суд прызнаць дзеянні супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС па сваім затрыманні 25 сакавіка 2018 г. і правядзенні працэсуальных дзеянняў незаконнымі й неабгрунтаванымі. Суд Барысаўскага раёна прыняў заяву і распачаў па ёй вытворчасць.
Нагадаем, праваабаронца Алег Мацкевіч быў затрыманы ў Барысаве супрацоўнікамі ДАІ 25 сакавіка падчас паездкі ў Мінск на аўтамабілі, на якім ехаў з дачкой. Па словах супрацоўнікаў ДАІ яны мелі падазрэнні ў тым, што VIN-код аўтамабіля перароблены. Пазней Мацкевіч падаў скаргі пракурору Барысаўскага раёну і начальніку Барысаўскага раённага аддзелу Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. У скаргах ён прасіў правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці свайго затрымання цягам амаль 6 гадзінаў у будынку Барысаўскага РУУС з мэтай “зверыць сапраўднасць VIN-коду аўтамабіля”.
Цягам чатырох пасяджэнняў судом вывучаліся матэрыялы справы.
Па хадайніцтве праваабаронцы былі дапытаныя сведкі здарэння – супрацоўнікі ДПС ДАІ, якія яго затрымлівалі. Па словах А. Мацкевіча, у паказаннях сведак здарэння выявіліся пэўныя супярэчнасці, якія, на яго думку, не дазволілі суду проста адмовіць у задавальненні скаргі. Так, старшы па нараду ДПС інспектар Павал Канашэвіч паказаў, што ў працэсе спынення аўтамабіля А. Мацкевіча ўдзелу не прымаў, але, атрымаўшы ад падначаленага інспектара Аляксея Дзем’яновіча звесткі аб падробцы VIN-коду транспартнага сродку, склаў адпаведны рапарт. Сам Аляксей Дзем’яновіч у судзе паказаў, што праверку агрэгатных нумароў аўтамабіля на месцы не праводзіў.
Ён сказаў, што машына праваабаронцы ўжо даўна выклікала ў яго “падазрэнні”, прыкладна за паўгода да затрымання. Але часу выклікаць кіроўцу для праверкі падазрэнняў ён не знаходзіў: “было шмат працы”. Падазрэнні ж тыя з’явіліся ў інспектара падчас росшуку падобнага аўтамабіля, які ўдзельнічаў у ДТЗ. Варта заўважыць, што праваабаронца таксама памятае гэты выпадак. Інспектар ДПС А. Дзем’яновіч шукаў яго як раз напярэдадні правядзення пікету супраць дзедаўшчыны ў войску 30 кастрычніка 2017 г., за які А. Мацкевіч быў пакараны штрафам.
Па словах інспектара праваабаронцу “прапанавалі” праехаць у Барысаўскі РУУС для праверкі тэхнічнага стану аўтамабіля. На рытарычнае пытанне А. Мацкевіча якія падставы былі ў супрацоўнікаў ДПС для таго, каб рабіць прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца, прадстаўнік РУУС начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Вадзім Богдан адказаў, што гэтакай падставай было “унутранае перакананне” інспектара ДАІ.
6 лістапада суддзя Любоў Мікуліч агучыла вызначэнне аб спыненні вытворчасці па справе па скарзе праваабаронцы. А. Мацкевіч мае намер абскардзіць вызначэнне ў Мінскім абласным судзе, а пасля звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека.