viasna on patreon

Назіральнік глабальнага саюза IndustriALL: "Справа прафсаюза шытая белымі ніткамі"

2018 2018-08-13T13:19:31+0300 2018-08-15T16:12:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajyz-sud-13-08-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Паўлаў, прадстаўнік глабальнага саюза IndustriALL

Сяргей Паўлаў, прадстаўнік глабальнага саюза IndustriALL

Крымінальная справа старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка разглядаецца ў судзе Савецкага раёна г. Мінска ўжо трэці тыдзень — з 30 ліпеня 2018 г. На кожным судовым паседжанні прысутнічаюць прадстаўнікі глабальнага саюза IndustriALL, сяброўскай арганізацыяй якой з’яўляецца прафсаюз РЭП.

Два дні за судовым працэсам назіраў ад інтэрнацыянальнага прафсаюза IndustriALL, сябра прэзідыума Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны (НПГУ), старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі НПГУ ОП шахта 1/3 «Новаградоўская» Сяргей Паўлаў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” папрасіў міжнароднага назіральніка падзяліцца ўражаннямі ад працэса па "справе прафсаюзаў":

“Падчас назірання ўбачыў, што справа “шытая белымі ніткамі”, ідзе проста наезд на прафсаюз. Людзі запужаныя ўладамі. Тыя сведкі, якія спачатку пад ціскам далі непраўдзівыя паказанні, цяпер на судзе даюць праўдзівыя. Мы даведаліся, што ў сем гадзін раніцы (хоць усе пачынаюць працаваць з 8-9 гадзін) людзей пад пагрозай узлому дзвярэй забралі ў пракуратуру. Такім чынам, ужо з’явіліся новыя пагрозы, каб яны далі свае старыя паказанні. Гэтым людзям мы жадаем устойліва стаяць, казаць толькі праўду на дадзеным этапе і адстойваць незалежнасць”.

Сябра прэзідыума Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны Сяргей Паўлаў адзначае, што незалежныя прафсаюзы Украіны не сутыкаюцца з падобным ціскам:

“Я з Украіны, і мы шакаваныя тым, які тут ідзе ціск на прафсаюзы. На дадзены момант у нас больш дэмакратычная краіна, таму я ў шоку ад таго, як ставяцца тут да незалежных прафсаюзаў. У нас адбываўся нейкі ціск на незалежныя прафсаюзы толькі пры станаўленні, пры прэзідэнце Януковічы. Тады “ўгодныя” прафсаюзы былі дзяржаўныя, як на дадзеным этапе зараз у вас. Нашыя незалежныя прафсаюзы ніхто не чапае, ім выдзяляюць грошы і г.д.”

Прадстаўнік глабальнага саюза IndustriALL, непасрэдна прысутнічая ў судовай зале, дзе разглядаецца крымінальная справа над лідарамі прафсаюза РЭП, каментуе доказную базу "справы прафсаюзаў":

“Закон аб прафсаюзах у Беларусі зусім не выконваецца. Я даведаўся, што незалежныя прафсаюзы, не могуць проста зарэгістравацца. Іх “сякуць”, не рэгіструюць і г.д. На сённяшнім паседжанні мы ўбачылі, што ўсё “шытая белымі ніткамі”, некаторыя файлы, якія прыкладзеныя да крымінальнай справы, увогуле не адчыняюцца. Разглядаюцца файлы 2006-2007 гадоў, 2014, 2016,2017, але ніяк не 2011 і 2012, па якіх прад’яўлена абвінавачванне. Маё экспертнае меркаванне як назіральніка — мусіць быць апраўдальны прысуд. Калі будзе неапраўдальны прысуд, то мы з незалежнымі прафсаюзамі, IndustriALL, будзем рэкамендаваць еўрапейцам прымаць меры, санкцыя да некаторых кіраўнікоў Беларусі".

Нагадаем, Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны. Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства